Мінск 06:27

Паводле даных праваабаронцаў, памёр 22-гадовы палітвязень Дзмітрый Шлетгаўэр

Фота: "Вясна"

1 лістапада, Позірк. Пра смерць 22-гадовага палітвязня Дзмітрыя Шлетгаўэра паведаміў 1 лістапада праваабарончы цэнтр “Вясна”. Дакладная прычына смерці невядомая.

Удакладняецца, што гэта адбылося 11 кастрычніка.

Шлетгаўэр — грамадзянін Расіі. З 2018 года меў беларускае пасведчанне на жыхарства.

Быў асуджаны паводле ч. 1 ст. 3614 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 358 КК (шпіянаж).

Паводле “Вясны”, яго ў закрытым рэжыме асудзілі на 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 30 жніўня 2024 года ў Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі па справе.

На пачатку восені палітвязня накіравалі адбываць пакаранне ў магілёўскую калонію №15.

Шлетгаўэр — ураджэнец расійскага Слаўгарада, працаваў у Камянцы (Брэсцкая вобласць) на прадпрыемстве па вытворчасці палімернай прадукцыі і ўпакоўкі.

Уключаючы Шлетгаўэра, у 2022–2024 гадах у беларускіх месцах несвабоды памерлі сем чалавек, якіх беларускія праваабарончыя арганізацыі прызнавалі палітычнымі вязнямі.

Гэта Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік і Аляксандр Кулініч.

У калоніі № 15 адбываў пакаранне Леднік, які, як і які знаходзіўся ў калоніі № 3 (Віцьба, Віцебскі раён) Клімовіч меў інваліднасць.

Пастаянны прадстаўнік беларускіх уладаў у аддзяленні ААН у Жэневе Ларыса Бельская заявіла на паседжанні Камітэта ААН па правах людзей з інваліднасцю ў жніўні: “Я не магу гэта пракаментаваць. Нам такія звесткі, такія звесткі, факты невядомыя, што менавіта людзі з інваліднасцю загінулі ў турме ў сувязі з інваліднасцю”.

Гаворачы аб падзеях 2020 года, яна адзначыла, што “частка людзей, незадаволеных вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, спрабавала іх аспрэчыць, аднак не ў заканадаўчым парадку, а спрабавала інспіраваць менавіта беспарадкі”.

Пра магчымую смерць іншых зняволеных, асуджаных альбо абвінавачаных паводле палітычных артыкулаў, праваабаронцы не паведамлялі. Некалькі разоў у год яны атрымліваюць інфармацыю аб смерці асуджаных не па палітычных матывах.

Падзяліцца: