Мінск 00:35

За паўтара года на тэрыторыі РФ устаноўлена месцазнаходжанне больш за тысячы чалавек, якія вышукваюцца ў Беларусі

Фота: "Минск-новости"

2 лістапада, Позірк. У 2023 годзе і першым паўгоддзі бягучага года ў Беларусі ўстаноўлена месцазнаходжанне 140 асоб, якія адшукваюцца праваахоўнымі органамі Расіі.

Такія звесткі, паводле інфармацыі расійскага боку, былі прыведзены 1 лістапада на пасяджэнні аб’яднанай калегіі генеральных пракуратур Беларусі і Расіі, якое адбылося ў Мінску.

За аналагічны перыяд на тэрыторыі Расіі ўстаноўлена месцазнаходжанне больш за 1 тыс. злачынцаў, якія адшукваюцца ў Беларусі”.

На думку расійскай генпракуратуры, “практыка пракурорскага нагляду за выкананнем заканадаўства пры аб’яўленні і ажыццяўленні вышуку асоб, якія ўчынілі злачынствы, сведчыць аб неабходнасці далейшага ўдасканалення ўзаемадзеяння пракурораў дзвюх краін у названай сферы”.

На згаданым паседжанні генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед заявіў, што дзейнасць міжнароднай арганізацыі крымінальнай паліцыі Інтэрпол “шмат у чым палітызаваная”

Паводле Шведа, Мінск і Масква будуць выпрацоўваць “сумесныя меры для таго, каб пераадолець тыя негатыўныя наступствы, якія склаліся ў дзейнасці гэтай структуры”.

Генпракурор сцвярджае, што “кампетэнтныя органы заходніх дзяржаў”, часта “па надуманых падставах”, адмаўляюць Беларусі ў экстрадыцыі “злачынцаў, у тым ліку тых, хто ўчыніў нарказлачынствы, цяжкія злачынствы супраць чалавека і ўласнасці”.

30 кастрычніка паведамлялася, што ў рамках міждзяржаўнага спецмерапрыемства “Вышук” у краінах СНД, актыўная фаза якога праходзіла 23 і 24 кастрычніка, затрымана больш за 300 чалавек, якія адшукваюцца ў Беларусі, звыш 140 з іх затрымана на тэрыторыі Расіі. На тэрыторыі Беларусі ў рамках аперацыі затрымана больш за 70 злачынцаў, “устаноўлена месцазнаходжанне пяці без вестак зніклых, якіх шукалі іншыя дзяржавы”.

15 траўня рэсурс “Медыязона. Беларусь” паведамляў, што за тры месяцы ў базу вышуку МУС Расіі было дададзена больш за 400 грамадзян Беларусі, каля 200 беларусаў выключылі з яе. На той момант у базе знаходзілася больш за 3.400 грамадзян і ўраджэнцаў Беларусі.

Пасля гэтага з’яўлялася інфармацыя пра ўключэнне ў згаданую базу прадстаўніка (на той момант) Аб’яднанага пераходнага кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерыя Сахашчыка і былога мінскага рэстаратара, грамадскага дзеяча Вадзіма Пракоп’ева, а таксама журналістаў Беларускага даследчага цэнтра і аўтара відэапраграм гэтага медыяпраекта аналітыка Сяргея Чалага.

Падзяліцца: