Мінск 17:51

За чатыры гады крызісу ў Беларусі пераслед зазналі 86 хрысціянскіх служыцеляў — эксперты

Ілюстрацыйнае фота: detroitcatholic.com

30 лістапада, Позірк. 86 хрысціянскіх служыцеляў зазналі пераслед у Беларусі за чатыры гады грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі, сведчаць даныя ініцыятывы “Хрысціянская візія”.

Паводле інфармацыі экспертаў, з 1 верасня 2020 года да 30 лістапада 2024-га з рэпрэсіямі ў той ці іншай форме сутыкнуўся 31 прадстаўнік Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі, 30 — розных пратэстанцкіх цэркваў, 20 — Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы (БПЦ), 5 — Беларускай грэка-каталіцкай царквы.

Некаторыя хрысціянскія служыцелі былі вымушаныя пакінуць краіну, асобныя знаходзяцца ў няволі ў рамках палітычна матываваных крымінальных спраў і прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі.

Праваслаўе і каталіцызм лічацца двума найбуйнейшымі паводле колькасці вернікаў хрысціянскімі канфесіямі ў Беларусі.

БПЦ узначальвае мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін. Свяшчэнны сінод РПЦ прызначыў яго на мінскую кафедру 25 жніўня 2020 года. Ён змяніў мітрапаліта Паўла (цяпер мітрапаліт Круціцкі і Каломенскі, патрыяршы намеснік Маскоўскай мітраполіі), які быў адкліканы з Беларусі неўзабаве пасля пачатку поствыбарных пратэстаў, адзначыўшыся выказваннямі пра гвалт, у тым ліку з боку сілавікоў, наведваннем у бальніцы пацярпелых на акцыях.

Адразу пасля прызначэння Веніямін стаў не ў прыклад часцей за папярэднікаў сустракацца з Аляксандрам Лукашэнкам, актывізаваў супрацу царквы з органамі ўлады, стаў браць актыўны ўдзел у дзяржаўных мерапрыемствах. Неаднаразова ўхваляўся Лукашэнкам фактычна за лаяльнасць да ўлады і прадзяржаўную пазіцыю.

Адзіным архіерэем БПЦ, які адкрыта асудзіў гвалт з боку сілавікоў і беззаконне з боку ўладаў агулам пасля выбараў 2020 года быў арцыбіскуп Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій. У чэрвені 2021 года Свяшчэнны сінод РПЦ з падачы Веніяміна адправіў яго на спачынак “праз стан здароўя”. Пасля Арцемій заявіў, што яго адстаўка — палітычнае рашэнне. Праваслаўны іерарх памёр 22 красавіка 2023 года.

Канферэнцыю каталіцкіх біскупаў Беларусі цяпер узначальвае арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які ў стасунках з уладамі паводзіць сябе крыху больш стрымана, але ўсё ж адзначаецца кампліментарнымі выказваннямі на іх адрас. У сваю чаргу рэжым Лукашэнкі актыўна прыцягвае іерарха да праўладных мерапрыемстваў і імкнецца прадэманстраваць нармалізацыю стасункаў.

Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію Станеўскі ўзначаліў увосень 2021 года — амаль праз 11 месяцаў пасля адстаўкі яго папярэдніка арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча (у прамежкавы перыяд мінскай кафедрай на правах апостальскага адміністратара кіраваў біскуп Казімір Велікаселец, у кастрычніку 2024 года з яго знялі ўсе абавязкі і адправілі на спачынак праз узрост).

Папа рымскі Францішак прыняў адстаўку Кандрусевіча 3 студзеня 2021 года. Фармальна гэта было звязана з узростам — яму ў той дзень споўнілася 75 гадоў. Згодна з Кодэксам кананічнага права, іерарх па дасягненні 75-годдзя абавязаны падаць пантыфіку адпаведнае прашэнне. Разам з тым, паводле неафіцыйнай інфармацыі, адстаўка Кандрусевіча была абавязковай умовай для яго вяртання ў Беларусь — рэжым Лукашэнкі каля чатырох месяцаў не ўпускаў арцыбіскупа ў краіну, фактычна праз пазіцыю, якую той заняў адносна грамадска-палітычнага крызісу.

Падзяліцца: