Мінск 17:36

Затрыманага ў Тбілісі беларуса адпусцілі з СІЗА і выклікалі ў міграцыйную службу

Пратэсты ў Тбілісі
Фота: "Позірк"

2 снежня, Позірк. Беларуса Яўгена Муравіцкага, якога затрымалі падчас пратэстаў у Тбілісі 29 лістапада, вызвалілі з СІЗА 2 снежня каля 7 раніцы, паведаміла “Медыязона” са спасылкай на яго.

Паводле Муравіцкага, яго адпусцілі каля 7 раніцы, склаўшы “пратакол па артыкуле аб “абразе спецназаўца”, але не выдалі на рукі дакументы. На 3 снежня яму прызначаны візіт у міграцыйную службу.

Як паведамляў “Позірк”, Муравіцкі, якому ў чэрвені споўнілася 25 гадоў, знаходзіўся ў СІЗА горада Сігнахі (вядомы турыстычны цэнтр) за 109 км ад сталіцы.

Грузінская апазіцыя аспрэчвае афіцыйныя вынікі кастрычніцкіх парламенцкіх выбараў, паводле якіх больш за палову месцаў ізноў атрымала правячая партыя “Грузінская мара” прарасійскага мільярдэра Бідзіны (Барыса) Іванішвілі.

Пратэсты ўспыхнулі ў краіне з новай сілай 28 лістапада пасля заявы прэм’ер-міністра (апазіцыя называе яго “так званым прэм’ер-міністрам” і “прэм’ер-міністрам “Грузінскай мары”) Іраклія Кабахідзэ аб замарожванні да 2028 года перамоваў аб уступленні Грузіі ў Еўрасаюз і адмове ад любых бюджэтных грантаў ЕС.

28 і 29 лістапада ў Тбілісі ў выніку сутыкненняў, паводле звестак МУС, было затрымана 150 чалавек (43 і 107 адпаведна). Муравіцкага затрымалі ў другі дзень нараўне з 8 грамадзянамі Расіі і адным амерыканцам. Мясцовыя праваабаронцы, апазіцыйныя журналісты і палітыкі ацанілі дзеянні паліцыі як неадэкватныя, асабліва 29 лістапада: на відэакадрах бачна, як сілавікі збіваюць людзей, якія ляжаць; акрамя таго, пацярпелі прадстаўнікі СМІ.

30 лістапада на вуліцах Тбілісі і іншых гарадоў прайшлі самыя масавыя акцыі непадпарадкавання, якія падтрымала прэзідэнт Саламе Зурабішвілі, якая мае па Канстытуцыі абмежаваныя паўнамоцтвы. Сілавікам, якія падпарадкоўваюцца ўраду, упершыню не ўдалося разагнаць пратэстоўцаў, і акцыя без перапынку працягнулася 1 снежня. Затрыманых стала менш — 50 і 24 у суботу і нядзелю адпаведна.

Паведамляецца, што яшчэ два чалавекі арыштаваны ў рамках расследавання крымінальных спраў. Аднаго з іх абвінавачваюць у тым, што ён 29 лістапада кінуў запальную сумесь у будынак парламента, учыніўшы пажар у адным з памяшканняў, а другога — у раненні паліцэйскага з піратэхнікі.

Падзяліцца: