Мінск 02:07

Лукашэнка паскардзіўся кіраўніку Ніжагародскай вобласці РФ на прыватныя прадпрыемствы рэгіёну

Ніжні Ноўгарад
Ілюстрацыйнае фота: Аляксандра Даміна / journal.tinkoff.ru

9 снежня, Позірк. На нядобранадзейнасць прыватных прадпрыемстваў Ніжагародскай вобласці Расіі паскардзіўся Аляксандр Лукашэнка губернатару гэтага рэгіёну Глебу Нікіціну на сустрэчы 9 снежня ў Мінску.

“Пры вашай падтрымцы мы гатовыя рэалізоўваць любы праект, — цытуе спікера яго прэс-служба. — Нам трэба толькі адно — падтрымка, гарантыі, каб мы, як часта ў нас бывала, не патанулі ў гэтай вялізнай бездані расійскай. Пачынаем працаваць з нейкім прыватным прадпрыемствам — кінуў, уцёк, мы знайсці яго не можам… Таму нам патрэбны гарантыі, надзейнасць. Мы нікуды не збяжым, таму што ў нас прадпрыемствы буйныя ў асноўным дзяржаўнай формы ўласнасці”.

Якія менавіта расійскія прадпрыемствы так зрабілі, палітык не канкрэтызаваў.

70-гадовы Лукашэнка выказаў спадзеў, што яшчэ “пры жыцці” — яго і 47-гадовага Нікіціна — у Беларусі і Ніжагародскай вобласці РФ атрымаецца дамагчыся таваразвароту ў 1 млрд долараў. Цяперашні паказчык, паводле яго слоў, складае “700 з лішнім мільёнаў”.

Палітык таксама прыгадаў, што ранейшы губернатар гэтага расійскага рэгіёну Валерый Шанцаў (кіраваў у 2005–2017 гадах) прасіў у Беларусі насенне збожжавых і бульбы. У гэтым кантэксце Лукашэнка “канстатаваў, што цяпер ужо вобласць шмат чаго дасягнула ў сваім развіцці, і ў Беларусі радыя сваёй датычнасці да гэтых вынікаў”.

19 траўня 2022 года Лукашэнка на сустрэчы з Нікіціным заявіў, што лічыць заходнія санкцыі ў дачыненні да Беларусі і РФ “самым галоўным рэзервам” для павелічэння тавараабароту з Ніжагародскай вобласцю, які, паводле яго слоў, “у бліжэйшы час дасягне мільярда долараў”.

Тады ён адзначыў, што сярод 145 краін, з якімі супрацоўнічае Ніжагародская вобласць, Беларусь “знаходзіцца на першым месцы”.

Падзяліцца: