Мінск 20:15

Заведзеная ў рамках спецвытворчасці справа эканаміста Паўла Данэйкі накіраваная ў суд

Павел Данэйка
Ілюстрацыйнае фота: Beroc

9 снежня, Позірк. Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу адміністрацыйнага дырэктара даследчага цэнтра BEROC Паўла Данэйкі.

З апублікаванага 9 снежня паведамлення ведамства вынікае, што эканамісту выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 4 арт. 16 і ч. 2 арт. 233, ч. 1 арт. 357, ч. 3 арт. 3611 Крымінальнага кодэкса.

Згодна з матэрыяламі справы, “абвінавачаны пры непасрэдным удзеле работнікаў прадпрыемства распрацаваў і прывёў у выкананне схему незаконнай дзейнасці, у якой выкарыстоўваў суб’ект гаспадарання як інструмент для адыходу ад працэдуры ліцэнзавання”.

Генпракуратура сцвярджае, што мэта была наступная — “праводзіць мерапрыемствы па падвышэнні кваліфікацыі кіроўных работнікаў і спецыялістаў, у тым ліку якія ўключаюць рэалізацыю навучальных праграм агульнапрафесійных дысцыплін, а таксама дысцыплін праграмы перападрыхтоўкі кіроўных работнікаў і спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй”.

Данэйка, заяўляе ведамства, разам з іншымі работнікамі заключаў з суб’ектамі гаспадарання і грамадзянамі Беларусі дагаворы “аб аказанні кансультацыйных (кансалтынгавых) паслуг”.

Сцвярджаецца, што сума “атрыманага злачынным шляхам даходу” перавысіла 200 тыс. рублёў.

Эканаміста таксама абвінавачваюць у тым, што ў жніўні 2020 года ён увайшоў у склад прызнанай “экстрэмісцкім фарміраваннем” Каардынацыйнай рады (КР) і “як яго ўдзельнік здзяйсняў актыўныя дзеянні для дасягнення мэт неканстытуцыйнага захопу дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь”.

Спецыяльная вытворчасць у дачыненні да мужчыны распачатая 8 кастрычніка.

Павел Данэйка — эканаміст, у мінулым генеральны дырэктар бізнес-школы ІПМ Даследчага цэнтра Інстытута прыватызацыі і менеджменту, якая працавала ў Беларусі з 1993 года. Мінгарвыканкам ліквідаваў гэтую бізнес-школу 22 ліпеня 2021 года.

Данэйка ўваходзіў у саветы дырэктараў “Белгазпрамбанка” і “Гомсельмаша”. У 1995–1996 гадах з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі.

Паведамлялася, што ў 2020 годзе яго выклікалі ў Следчы камітэт на допыт па факце ўваходжання ў склад КР.

4 кастрычніка ў Вільнюсе афіцыйна адкрылася бакалаўрская праграма “Бізнес-эканоміка” Школы эканомікі і бізнесу BISEB (BEROC-IPM School of Economics and Business) — філіяла Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта (ЕГУ), у стварэнні якой удзельнічаў Данэйка.

Спецыяльная вытворчасць — вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, што вядзе крымінальны працэс. Магчымая па 34 складах злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, наёмніцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый ды інш.

Даведка “Позірку”:

  • арт. 16 — саўдзел у злачынстве;
  • ч. 4 арт. 233 — прадпрымальніцкая дзейнасць, якая ажыццяўляецца без спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі);
  • ч. 1 арт. 357 — змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады;
  • арт. 3611 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім.
Падзяліцца: