Мінск 22:51

Лукашэнка паабяцаў “зрабіць усё”, каб Беларусь “назаўжды забылася праблему захавання сваёй дзяржаўнасці”

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

8 студзеня, Позірк. “Будучы год будзе няпростым”, працаваць трэба будзе “ў складаных умовах”, калі “з усіх бакоў ціснуць”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 8 студзеня на цырымоніі ўручэння прэмій “За духоўнае адраджэнне”, спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва і спецпрэмій “Беларускі спартыўны Алімп” за 2024 год.

“Я гэта кажу адкрыта, — звярнуўся Лукашэнка да лаўрэатаў згаданых прэмій (цытуецца па паведамленні яго прэс-службы). — І запомніце, хто б вам тут ні абяцаў залатыя горы, нам прыйдзецца напружвацца ў два разы больш, чым летась. Але мы пераадолеем усе цяжкасці. Не толькі таму, што я хачу банальна сказаць: “Мы адзіныя, мы натхнёныя…” Мы навучыліся працаваць”.

“Будучы год і, напэўна, уся пяцігодка” пройдуць “пад лозунгам міру і бяспекі”, сказаў спікер. “Будзе мір — усё астатняе прыкладзецца, — дадаў ён. — Трэба зберагчы мір для Беларусі. І мы зробім гэта разам з вамі”.

“Як бы хтосьці ні імкнуўся нас сёння разгайдаць, нічога не атрымаецца. Нічога не атрымаецца! Мы зберажом сваю краіну. Яна ўжо належыць нашым дзецям і ўнукам, таму мы павінны падумаць аб іх будучыні, і мы думаем”, — адзначыў Лукашэнка (пунктуацыя захаваная).

Беларусь, паводле яго слоў, “заўсёды будзе дзяржавай, насуперак любым плыням і тэндэнцыям на міжнароднай арэне”. “Мы ўсё зробім у будучай пяцігодцы, каб наша краіна назаўжды забылася праблему захавання сваёй дзяржаўнасці”, — заявіў ён.

“Вельмі важным тэзісам” у сваім выступе Лукашэнка назваў “новае пакаленне”, якому трэба будзе “аддаць краіну”.

“Нам з вамі прыйдзецца гэта пакаленне сфарміраваць і нам з вамі прыйдзецца іх пасадзіць у свае крэслы — работнікаў творчых, культуры і гэтак далей, і да таго падобнае. І ва ўладу. Найцяжэйшая праца, але мы настроеныя яе арганізаваць і правесці”, — падкрэсліў спікер.

Паводле яго сцвярджэння, Беларусь вытрымае ціск “з усіх бакоў”. “Здавалася б, не, не вытрымаем. Але памятаеце мае словы? Я сказаў: забудзьцеся пра санкцыі, іх няма. І гэта нас выратавала. Калі б толькі мы, беларусы, эмацыйныя людзі, акунуліся ў гэтыя разважанні аб санкцыйнай палітыцы, мы б абвалілі эканоміку, а следам і наша жыццё, і нашу дзяржава”, — сказаў Лукашэнка.

“Таму, — дадаў ён, — санкцыі, не санкцыі — проста жыццё складваецца такім чынам, што ў любой сітуацыі нам давядзецца выжываць, вытрымліваць гэты націск. Мы яго вытрымаем”.

У асноўным Лукашэнка паўтарыў свае заявы, зробленыя напярэдадні падчас наведвання на Раство Хрыстова храма свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Лагойску (Мінская вобласць).

7 студзеня, кажучы аб маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбарах, ён адзначыў: “Нам трэба вызначыць нармальную ўладу, нармальнага прэзідэнта, урад, які будзе ўказваць той шлях, па якім будзе развівацца наша краіна”.

“Я не пра тое, што я заўтра збягу куды-небудзь. Пакуль ёсць здароўе, я буду з вамі. На любой пасадзе буду працаваць для таго, каб захаваць тое, што мы стварылі сваімі рукамі”, — заявіў Лукашэнка.

Ён у чарговы раз сказаў, што нібыта “не трымаецца за ўладу”: “Я зраблю ўсё для таго, каб ціха, спакойна перадаць гэтую ўладу новаму пакаленню. Таму што я спадзяюся яшчэ пры новай уладзе, і вы таксама, пажыць”.

70-гадовы Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года. Пра намер перадаць уладу “новаму пакаленню” ён апошнім часам заяўляе рэгулярна, адначасова рыхтуючыся падоўжыць свае паўнамоцтвы на сёмы тэрмін.

Падзяліцца: