Мінск 15:45

“Пашпарт новай Беларусі” не будзе выдавацца, пакуль не вырашаны пытанні ягонага статусу — дырэктар праекта

Крыніца: belarus-passport.com

4 лютага, Позірк. Выдача “пашпарта новай Беларусі” або збор біяметрычных звестак для яго не будуць ажыццяўляцца, пакуль не завершыцца праверка на адпаведнасць GDPR (рэгламент Еўрапейскага саюза па абароне персанальных даных. — “Позірк”.) і не будуць вырашаныя ўсе юрыдычныя пытанні, што тычацца статусу дакумента. Пра гэта паведаміў “Позірку” кіраўнік праекта, дырэктар Беларускага пашпартнага цэнтра Марыюс Гудэлайціс.

Паводле яго слоў, пакуль дакумент застанецца сімвалічным.

Кампанія Garsų pasaulis, як паведаміў Гудэлайціс, ужо перадала ў Беларускі пашпартны цэнтр усе неабходныя матэрыялы і загатоўкі. Персаналізацыю, то бок друк звестак на бланках, у цэнтры планавалі ажыццяўляць сваімі сіламі, у тым ліку “дзеля забеспячэння бяспекі праекта”.

4 лютага літоўскі партал 15min.lt паведаміў, што мясцовая кампанія Garsų pasaulis спыняе выраб “пашпарта новай Беларусі”, пра што кіраўнік кампаніі Ана Янаўскене пісьмова апавясціла МУС.

“Мы прыпыняем супрацоўніцтва з установай “Беларускі пашпартны цэнтр“ і выраб гэтага непрызнанага беларускага пашпарта”, — цытуе сайт яе словы.

3 лютага 15min.lt са спасылкай на “тлумачальна-інфармацыйны” ліст намесніка генпракурора Літвы Гінтаса Іванаўскаса паведаміў, што “пашпарты новай Беларусі” павінны лічыцца несапраўднымі, а канчатковае рашэнне аб прызнанні іх вырабу злачынствам прыме суд.

Пра пачатак прыёму перадзамоваў на атрыманне “пашпарта новай Беларусі” заявіў на форуме “Беларусы вартыя лепшага” 26 студзеня ў Варшаве галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Друкаваць “пашпарты новай Беларусі” плануецца ў створаным у Вільнюсе Беларускім пашпартным цэнтры, “разглядаецца магчымасць стварэння аналагічных цэнтраў у Польшчы і, магчыма, ва Украіне”, паведаміў 14 студзеня Марыюс Гудэлайціс.

Заяўкі на выраб і выдачу “пашпартоў” пачнуць прымаць 26 студзеня, сказаў ён. Будучы статус пашпарта, паводле Гудэлайціса, “падлягае абмеркаванню”, і падарожнічаць з ім “будзе нельга да дадавання яго ў базы тревэл-дакументаў”.

19 студзеня прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў пра неабходнасць абмеркаваць дэталі праекта “пашпарта новай Беларусі”. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што падабенства літоўскага герба “Віціс” і беларускага гістарычнага герба “Пагоня”, змешчанага на вокладцы “пашпарта новай Беларусі”, не варта перабольшваць.

Раней дэпутаты ад партыі “Саюз Айчыны — Хрысціянскія дэмакраты Літвы” Аўдронюс Ажубаліс, Лаўрынас Кашчунас, Валдас Ракуціс, Казіс Старкявічус і Арвідас Поцюс выказалі занепакоенасць наконт нібыта выявы дзяржаўнага герба Літвы на “пашпарце новай Беларусі” і папрасілі МЗС “прааналізаваць сітуацыю”.

Праект “пашпарта новай Беларусі” быў абвешчаны ў лютым 2023 года.

У сакавіку 2024 года Аб’яднаны пераходны кабінет паведаміў пра завяршэнне стварэння “пашпартнага цэнтра”. Тады ж было заяўлена пра затрымку пастаўкі “спецыяльных матэрыялаў” для вытворчасці першых 500 узораў дакумента.

Летась 28 траўня Беларускі расследавальніцкі цэнтр апублікаваў даследаванне “Пашпарт новай Беларусі” і стары “гаманец” Лукашэнкі. Як кампанія — распрацоўшчык дакумента звязаная з Віктарам Шаўцовым”. Журналісты сцвярджалі, што літоўскае прадпрыемства Garsų pasaulis мае сувязі з набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі бізнесменам, а геральдычны савет узначальвае былы супрацоўнік беларускага МУС. Міністэрства ўнутраных спраў Літвы вызнала кампанію Garsų pasaulis ненадзейнай і разарвала з ёй кантракт.

Падзяліцца: