Мінск 15:53

Рыжанкоў заявіў пра неабходнасць зберагчы ААН як “сістэмаўтваральны кампанент шматбаковых стасункаў”

Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Расул Багіраў і кіраўнік беларускага МЗС Максім Рыжанкоў (злева направа)
Фота: прэс-служба МЗС Беларусі

1 сакавіка, Позірк. На членах Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ляжыць “сур’ёзная адказнасць” — зберагчы яе як “сістэмаўтваральны кампанент шматбаковых стасункаў”, заявіў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў 28 лютага ў Мінску на сустрэчы з пастаянным каардынатарам ААН у Беларусі Расулам Багіравым і кіраўнікамі акрэдытаваных у краіне агенцтваў арганізацыі.

Паводле інфармацыі прэс-службы МЗС, чыноўнік таксама заявіў пра неабходнасць “адрадзіць дух арганізацыі” ва ўмовах “узрослага канфліктнага патэнцыялу і глабальнай палярызацыі, якая ўсё ўзрастае”.

Удзельнікі сустрэчы, як паведамляецца, адзначылі “шматгадовы плённы характар супрацы” Мінска і ААН, абмяняліся думкамі пра “прыярытэты праграмнай дзейнасці агенцтваў” арганізацыі ў Беларусі, а таксама “акрэслілі планы на будучыню, уключаючы падрыхтоўку рамачных праграм супрацы” да 2030 года і мерапрыемствы па святкаванні 80-годдзя ААН (адзначаецца ў 2025 годзе).

“Суразмоўцы грунтоўна абмеркавалі ўвесь комплекс кірункаў супрацы па лініі кампетэнцыі агенцтваў ААН і рэалізацыю ў краіне адпаведных праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Рыжанкоў і Багіраў падпісалі план сумесных мерапрыемстваў па святкаванні ў Беларусі юбілею арганізацыі.

24–26 лютага беларуская ўрадавая дэлегацыя ўдзельнічала ў “сегментах высокага ўзроўню” 58-й сесіі Савета ААН па правах чалавека (СПЧ) і Канферэнцыі па раззбраенні. З трыбуны ў Жэневе (Швейцарыя) Рыжанкоў абвінаваціў краіны Захаду ў парушэнні нормаў і прынцыпаў ААН, заклікаў “правесці глабальную перазагрузку ў сферы правоў чалавека”, а таксама запрасіў у Беларусь вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.

На сустрэчы з удзельнікамі пасяджэння савета Парламенцкай асамблеі АДКБ 18 тразня 2023 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ААН і АБСЕ намаганнямі “заходніх апанентаў” ператвараюцца “ў інстытуты ціску і канфрантацыі, становяцца падручнымі сабачкамі для заходніх дзяржаў”. “Мы лічым недальнабачнымі і безадказнымі такія дзеянні”, — сказаў ён.

15 чэрвеня таго ж года, прымаючы даверчыя граматы шэрагу замежных амбасадараў, Лукашэнка заявіў, што ААН “з цывілізаванай дыялогавай пляцоўкі для вырашэння спрэчак і дыскусій пра будучае развіццё свету” ператварылася ў “дыпламатычнае казіно, дзе запраўляюць заходнія верхаводы”.

На яго думку, “калектыўны Захад” толькі “пакуль запраўляе ў ААН”. “Мы выступаем за шматпалярны, справядлівы свет з гарантыямі развіцця для ўсіх краін без выключэння. У гэты час Захад бурыць сістэму еўрапейскай бяспекі, створаную пасля Другой сусветнай вайны”, — адзначыў Лукашэнка.

Падзяліцца: