Мінск 20:57

Паводле “тэрарыстычных” артыкулаў КК асуджана больш за 130 чалавек — праваабаронцы

Крыніца: pixabay.com

17 сакавіка, Позірк. За апошнія гады ў Беларусі паводле крымінальных “тэрарыстычных” артыкулах асуджана мінімум 133 чалавекі, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

З іх 40 асуджаных — за падтрымку Украіны ў вайне; 17 — асуджаны завочна ў рамках спецвытворчасці, дзевяць асуджаных — грамадзяне іншых дзяржаваў, чатыры чалавекі — пенсійнага ўзросту.

Гаворка пра сем артыкулаў КК. Самы распаўсюджаны сярод іх — “акт тэрарызму” (289). Паводле яго ў асудзілі 71 чалавека ( у тым ліку 26 — за падтрымку Украіны, дзевяць — завочна, восем — па “справе аб дыверсіі ў Мачулішчах”,восем — замежных грамадзян).

Паводле арт. 2904 (стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй) асуданы мінімум 21 чалавек.

За “арганізацыю дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у такой арганізацыі” (арт. 2905) асудзілі шэсць чалавек.

Паводле арт. 359 (акт тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага ці грамадскага дзеяча) пакарана 11 чалавек.

За “пагрозу здзяйснення акта тэрарызму” (арт. 290) асудзілі шэсць чалавек.

За данаты ініцыятывам і структурам, прызнаным у Беларусі “тэрарыстычнымі арганізацыямі”, пераследуюць паводле арт. 2901 (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці) — ужо асуджана не меней за 17 чалавек.

Паводле арт. 126 (акт міжнароднага тэрарызму) у Беларусі асудзілі аднаго чалавека (грамадзяніна Расіі Аляксея Кулікова), так кваліфікавалі яго дзеянні “па фотаздымцы генконсульства РФ у Гродне”, удакладнілі праваабаронцы.

На 17 сакавіка у “спісе тэрарыстаў”, які вядзе Камітэт дзяржбяспекі, 1.352 пазіцыі і 1.249 чалавек, з іх 555 — грамадзяне Беларусі.

Абвешчаным “тэрарыстамі” зняволеным забаронена атрымліваць грашовыя пераводы.

Падзяліцца: