Мінск 01:35

АПК заклікаў міжнародную супольнасць падтрымаць беларускую рэдакцыю “Радыё Свабода”

Крыніца: svaboda.org

18 сакавіка, Позірк. “Аказаць усебаковую падтрымку” беларускай рэдакцыі “Радыё Свабода” заклікаў 18 сакавіка Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК).

У заяве гаворыцца пра неабходнасць фінансавай дапамогі рэдакцыі і палітычнай абароны журналістаў “РС”. Адзначаецца “поўная падтрымка” дзейнасці медыя як “аднаго з ключавых незалежных галасоў беларускага народа”.

АПК асудзіў “рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі супраць журналістаў і незалежных СМІ” і патрабуе “вызвалення ўсіх зняволеных за іх прафесійную дзейнасць”.

Падкрэсліваецца важнасць “захавання і развіцця незалежных беларускіх медыя як найважнейшага элемента ў абароне дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі”.

Кабінет заявіў аб сваёй “нязменнай прыхільнасці прынцыпам свабоды слова, дэмакратыі і правоў чалавека”, а таксама адзначыў “крытычную” важнасць працы “Радыё Свабода” і асабліва яе беларускай рэдакцыі ў сучасных умовах барацьбы беларускага народа за дэмакратычную будучыню.

“Беларуская служба “Радыё Свабода” — адна з найстарэйшых незалежных медыяплатформаў, якая з мая 1954 года бесперапынна даносіць праўдзівую інфармацыю да беларусаў, пераадольваючы цэнзуру і прапаганду таталітарных рэжымаў. За дзесяцігоддзі сваёй дзейнасці яна стала адной з важнейшых крыніц незалежнай журналістыкі, якая асвятляе гістарычныя этапы барацьбы беларусаў за свабоду: ад супраціву савецкай таталітарнай сістэме да сучаснай хвалі рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі”, — гаворыцца ў заяве.

“Асаблівую важную ролю беларуская рэдакцыя “Свабоды” адыгрывае пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, калі ў Беларусі быў разгорнуты беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій супраць журналістаў, грамадскіх актывістаў і ўсіх, хто абараняе дэмакратычныя каштоўнасці. Ва ўмовах, калі незалежныя СМІ ў Беларусі былі ліквідаваны або вымушаны працаваць у эміграцыі, “Свабода” застаецца голасам праўды для мільёнаў беларусаў, якія сутыкнуліся з інфармацыйнай ізаляцыяй”, — падкрэслілі ў АПК.

Звяртаецца ўвага на тое, што “РС” прызнаная рэжымам Лукашэнкі “экстрэмісцкай арганізацыяй”, што “яшчэ раз сведчыць пра яго страх перад вольнай журналістыкай”. “Дзясяткі журналістаў і супрацоўнікаў службы зазнавалі пераслед, былі вымушаны пакінуць краіну альбо трапілі за краты. Аднак, нягледзячы на ціск, беларуская рэдакцыя працягвае сваю працу, прапануючы новыя фарматы і платформы для сваёй аўдыторыі”, — удакладняюць аўтары заявы.

“Аб’яднаны пераходны кабінет перакананы, што ўмовы інфармацыйнай свабоды і плюралізму неабходныя для фарміравання свядомай грамадзянскай супольнасці і набліжэння Беларусі да дэмакратычнай будучыні. Беларуская рэдакцыя “Радыё Свабода” адыгрывае ў гэтым працэсе ключавую ролю”, — адзначаецца ў публікацыі.

14 сакавіка прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, які прадугледжвае масавыя скарачэнні супрацоўнікаў у сямі федэральных агенцтвах, у тым ліку ў Агенцтве ЗША па глабальных медыя (USAGM), якое вядзе медыяпраекты “Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода” і “Голас Амерыкі”.

У дакуменце гаворыцца, што арганізацыі “павіны скараціць выкананне сваіх статутных функцый і адпаведны персанал да мінімальнай прысутнасці і функцый, якія патрабуюцца паводле закону”. Да 21 сакавіка кіраўнікі агенцтваў павінны накіраваць у Белы дом справаздачы аб выкананні патрабаванняў указа.

“Іранскія аятолы, кітайскія камуністычныя лідары і аўтакраты ў Маскве і Мінску будуць святкаваць” спыненне фінансавання ўладамі ЗША міжнароднага медыяпраекта “Радыё Свабода”, заявіў прэзідэнт гэтага СМІ Стывен Капус.

З дня свайго заснавання “Радыё Свабода” з’яўлялася “маяком для тых, каго таталітарызм пазбавіў праўды”, заявіў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х міністр замежных спраў Чэхіі Ян Ліпаўскі, каментуючы рашэнне Трампа.

“Ад Беларусі да Ірана, ад Расіі да Афганістана, “Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода” і “Голас Амерыкі” застаюцца сярод нешматлікіх крыніц свабоднай інфармацыі для тых, хто жыве пад прыгнётам. Заглушыць іх было б стратаю не толькі для іх, але і для ўсіх нас, хто верыць у дэмакратыю”, — падкрэсліў кіраўнік МЗС.

“Для нас, народаў, якія жывуць ва ўмовах тыраніі, “Радыё Свабода” і “Голас Амерыкі” з’яўляюцца сімваламі вольнага свету — галасамі праўды”, — заявіла на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Аб важнасці “Радыё Свабода” і радыёстанцыі “Голас Амерыкі” для Беларусі, дзе “ўлады ўжо 25 гадоў вядуць адкрытую вайну са свабоднымі СМІ”, гаворыцца ў заяве Беларускай асацыяцыі журналістаў, апублікаванай 17 сакавіка.

Раней СМІ паведамілі, што пасля публікацыі ўказа журналісты “Голасу Амерыкі” атрымалі паведамленні аб тым, што іх адпраўляюць у незапланаваны адпачынак з захаваннем заработнай платы. Таксама паведамлялася, што ўхваленае Кангрэсам грантавае фінансаванне “Радыё Свабода/Радыё Свабодная Еўропа” спынена.

Выданні, якімі кіруе USAGM, вяшчаюць на 49 мовах. Штотыднёвая аўдыторыя СМІ складае больш за 361 мільён чалавек.

“Радыё Свабода/Радыё Свабодная Еўропа” заснаваная ў 1949 годзе, “Голас Амерыкі” — на сем год раней.

Беларуская служба “РС” пачала вяшчанне ў 1954-м. Пасля падзей 2020 года цалкам працуе з-за мяжы, офісы рэдакцыі знаходзяцца ў Празе (Чэхія) і Вільнюсе (Літва). Прызнана “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Шэраг супрацоўнікаў зазналі палітычныя рэпрэсіі. Праз крымінальныя тэрміны прайшлі журналісты Алег Груздзіловіч і Андрэй Кузнечык. На сёння ў няволі і ў статусе палітзняволеных застаюцца звязаныя з “РС” Ігар Карней і Ігар Лосік.

Беларускія праўладныя рэсурсы выказваюць адабрэнне ў сувязі з спыненнем фінансавання “РС”.

Падзяліцца: