Мінск 03:24

У Расіі загарэўся чарговы аўтобус МАЗ

24 сакавіка, Позірк. Аб узгаранні пасажырскага аўтобуса МАЗ паведаміла прэс-служба ўпраўлення МНС па Кіраўскай вобласці Расіі.

Інцыдэнт адбыўся ўвечары 23 сакавіка. Адзначаецца, што падчас руху аўтобуса па маршруце 33 у салоне знаходзілася восем пасажыраў і кандуктар, якія разам з кіроўцам “своечасова пакінулі транспартны сродак”.

Беларускія аўтобусы рэгулярна загараюцца ў Расіі, прычынай гэтага называюцца санкцыі, уведзеныя супраць прадпрыемства. Апошні падобны выпадак быў зафіксаваны 13 студзеня ў Ліпецку.

Негатыўны бэкграўнд у прадпрыемства ёсць і ў Беларусі. 16 сакавіка прэс-служба Дзяржаўтаінспекцыі паведамляла аб узгаранні рэйсавага аўтобуса МАЗ у Мінску на скрыжаванні Лагойскага тракта і вуліцы Гамарніка. “Транспартны сродак выгарэў цалкам менш, чым за 15 хвілін”, — адзначаў “Анлайнер”.

26 чэрвеня 2024 года паведамлялася, што ў Навабеліцкім раёне Гомеля загарэўся аўтобус МАЗ. Гаворка ішла аб грамадскім транспарце 12-га маршруту.

21 траўня паведамлялася аб задымленні ў сталіцы двух аўтобусаў грамадскага транспарту.

У мікрараёне Уручча ў выніку “закліноўвання генератара” задыміўся аўтобус МАЗ. Сцвярджалася, што “адбылося расслаенне і абрыў прываднага рамяня”, для тушэння кіроўца скарыстаўся вогнетушыцелем.

Таксама СМІ паведамілі пра задымленне аўтобуса № 84 на прыпынку “Пятроўшчына”.

“Там спрацавала сістэма пажаратушэння. Кіроўца прыняў неадкладныя меры па абясточванні аўтобуса. Узгарання не было. Пацярпелых няма”, — удакладнялася ў публікацыі.

Марка аўтобуса не называлася.

19 траўня стала вядома, што ў Мінску на праспекце Машэрава згарэў аўтобус МАЗ. Транспартны сродак выгарэў цалкам. МНС адзначыла, што ніхто не пацярпеў.

Праблему з беларускімі аўтобусамі ўскосна прызнаў Аляксандр Лукашэнка, які заявіў 19 верасня 2023 года на сустрэчы з губернатарам Краснадарскага краю РФ Веніямінам Кандрацьевым, што прычына ўзгаранняў пасажырскага транспарту ў Пецярбургу крыецца ў адсутнасці “якаснага і своечасовага абслугоўвання”. Ён прапанаваў наладзіць тэхабслугоўванне на месцы сіламі беларускіх рамонтнікаў.

На прэс-канферэнцыі 25 кастрычніка таго ж года намеснік галоўнага канструктара па грузавой тэхніцы ААТ “Мінскі аўтамабільны завод” Мікалай Лакотка заявіў, што прычынамі частага ўзгарання тэхнікі прадпрыемства ў РФ з’яўляецца парушэнне ўмоў і правілаў эксплуатацыі.

Паводле яго слоў, тэхніка “стала вельмі цяжкая, энерганасычаная, таму ўмовы эксплуатацыі і правілы эксплуатацыі ніхто не адмяняў”.

Гл. таксама:

За два месяцы МАЗ прадаў на рынку РФ усяго 15 аўтобусаў — у 10 разоў менш, чым годам раней

Падзяліцца: