Мінск 03:12

Ціханоўская ў Дзень Волі: Як бы нас ні затыкалі, мы кажам: “Жыве Беларусь!”

Акцыя да Дня Волі 23 сакавіка ў Варшаве
Фота: "Позірк"

25 сакавіка, Позірк. Беларусы “з цеплынёй берагуць у сэрцах дату 25 сакавіка — дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі”, адзначыла ў відэавіншаванні з нагоды свята дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Паводле палітыка, гэта дзень, “калі Беларусь выйшла з ценю імперыі-захопніка”: “Дзень, калі наш народ заявіў пра незалежнасць і права самастойна вызначаць свой лёс”. 

“І гэта непазбежна адбудзецца зноў. Змены не надыходзяць самі па сабе. Яны патрабуюць часу, высілкаў і стойкасці. І я разумею, як цяжка з года ў год змагацца за будучыню, якая здавалася такой блізкай”, — адзначыла дэмлідар.

Ціханоўская падкрэсліла, што ўжо 30 гадоў “рэжым робіць усё, каб знішчыць <…> волю [беларусаў]”. 

“Нас спрабуюць запалохаць, арыштаваць, раз’яднаць — з разлікам, што мы здадзімся. Але чалавеку нельга забараніць імкнуцца да свабоды”, — сказала экс-кандыдат у прэзідэнты.

Палітык адзначыла, што кожны палітвязень — “гэта цэлая сям’я, якая ніколі не даруе рэжыму яго злачынстваў”, кожная “спроба заглушыць беларусаў” прыводзіць да з’яўлення “новых і новых абаронцаў свабоды і незалежнасці”.

“25 сакавіка — дзень гонару і сімвал нашай нязломнасці. Падтырмлівайце адно аднаго, беражыце нашую гісторыю, і памятайце: кожны рэжым здаецца непахісным, але заўседы настае час тых, хто верыць у справядлівасць. Як бы нас ні затыкалі, як бы ні запалохвалі, як бы ні спрабавалі зламаць, мы ўпэўнена і горда кажам: “Жыве Беларусь!”, — сказала дэмлідар.

25 сакавіка дэмакратычна настроеная частка насельніцтва Беларусі святкуе Дзень Волі — гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) у 1918 годзе.

У Беларусі гэтая дата афіцыйна не адзначаецца. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года любыя спробы публічна адзначыць Дзень Волі заканчаюцца затрыманнямі і наступнымі судамі, як мінімум паводле адміністрацыйных абвінавачанняў. Гістарычныя падзеі, звязаныя з БНР, паслядоўна дэманізуюцца дзяржпрапагандай. Нацыянальныя сімвалы названыя “калабарацыянісцкімі”, “нацысцкімі” і фактычна абвешчаныя па-за законам. Значэнне БНР для беларускай дзяржаўнасці лічыцца перабольшаным, а сама рэспубліка пазіцыянуецца як “марыянеткавае” ўтварэнне, створанае пад германскім пратэктаратам у завяршальнай фазе Першай сусветнай вайны.

Акцыі за мяжою да Дня Волі будуць праходзіць па 30 сакавіка. 23 сакавіка прысвечаныя святу мітынгі і шэсце адбыліся ў Варшаве.

На 25 сакавіка Аляксандр Лукашэнка прызначыў сваю сёмую інаўгурацыю.

Падзяліцца: