Мінск 04:18

У Санкт-Пецярбургу ФСБ затрымала групу беларусаў і азербайджанцаў за кантрабанду цыгарэт на 1 млн еўра

23 траўня, Позірк. Пра затрыманне групы беларусаў і азербайджанцаў, якая займалася кантрабандай цыгарэт, паведаміла прэс-служба Упраўлення Федэральнай службы бяспекі РФ па Санкт-Пецярбургу і Ленінградскай вобласці.

Як адзначаецца ў прэс-рэлізе, у пецярых замежнікаў канфіскаваныя беларускія цыгарэты без маркіроўкі на суму каля 100 млн расійскіх рублёў (больш за 1 млн еўра), а таксама 6 млн рублёў (прыблізна 66 тыс. еўра), тэлефоны, дзве машыны і фургон.

Распачата крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 226.1 КК РФ (кантрабанда, арганізаваная групай асобаў).

Спецслужба сцвярджае, што затрыманыя “арганізавалі рэгулярны збыт тытунёвай прадукцыі, вырабленай на прадпрыемствах Рэспублікі Беларусь і незаконна ўвезенай у РФ“.

17 і 18 траўня ў Літве было перахоплена 24 партыі кантрабандных беларускіх цыгарэт. Паводле звестак Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, кантрабанда трапляла на літоўскую тэрыторыю на паветраных шарах з прымацаванымі да іх GPS-трэкерамі. Усяго канфіскавана 30 тыс. пачак цыгарэт.

Літоўскі бок адзначаў, што з пачатку 2025 года перахоплена 265 партый цыгарэт, вывезеных з Беларусі на паветраных шарах. У 2023 годзе іх было 226.

У паведамленні гаварылася, што ад пачатку года затрымана 66 чалавек, падазраваных у дачыненні да кантрабанды цыгарэт па паветры. У траўні перахоплена 34 паветраныя шары з цыгарэтамі і GPS-прыладамі, у красавіку — 46, у сакавіку — 77, у лютым — 45, у студзені — 63.

Падзяліцца: