Мінск 19:29

У апошнія тыдні ўзмацніліся пагрозы актывістам дэмакратычнага руху — Латушка

Фота: прэс-служба АПК

5 чэрвеня, Позірк. У апошнія тыдні ўзмацніліся пагрозы актывістам дэмакратычнага руху, заявіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка ў Гданьску (Паморскае ваяводства Польшчы) на XI Міжнародным форуме “Еўропа з позіркам у будучыню”.

Паводле слоў палітыка, словы якога 5 чэрвеня прывяла прэс-служба АПК, Беларусь і “драматычная сітуацыя ў краіне знікаюць з парадку дня”, пры тым, што там рэпрэсіі працягваюцца.

Латушка падкрэсліў, што Аляксандр Лукашэнка “здзяйсняе злачынствы супраць чалавечнасці” ў дачыненні да беларускага народа, у тым ліку “экстратэрытарыяльныя злачынствы ў ЕС” супраць людзей, якія вымушана апынуліся ў эміграцыі.

“Пытанне не ў тым, што ў нас завышаныя чаканні ад партнёраў, а ў тым, што часам самім партнёрам не хапае волі і жадання выкарыстоўваць усе інструменты, якія ёсць у іх руках, каб супрацьстаяць гэтым злачынствам. Бо калі права не будзе дзейнічаць, як беларусам тады верыць у дэмакратыю?” — задаўся пытаннем Латушка.

Паведамляецца, што палітык правёў на палях форуму кароткую сустрэчу з міністрам культуры Польшчы Ганнай Урублеўськай. Ён падзякаваў за падтрымку беларускіх культурніцкіх ініцыятыў і папрасіў “узмацніць дапамогу беларускай нацыянальнай культуры з улікам маштабных рэпрэсій, што ажыццяўляе рэжым супраць прадстаўнікоў беларускай культурнай інтэлігенцыі”.

На сустрэчы з ваяводам Паморскага ваяводства Беатай Руткевіч Латушка ад імя дыяспары папрасіў разгледзець магчымасць паскарэння працэдуры легалізацыі для грамадзян Беларусі ў гэтай частцы Польшчы. Ваявода, як сцвярджаецца, “выказала гатоўнасць” даручыць аддзелу па справах замежнікаў арганізаваць сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай дыяспары для абмеркавання праблем.

Апрача таго, адзначыла прэс-служба АПК са спасылкай на Руткевіч, разглядаецца магчымасць увядзення электроннай сістэмы падачы заяў на легалізацыю, што павінна скараціць тэрміны разгляду працэдур ва ўсёй Польшчы. Бакі дамовіліся “працягнуць кантакты і абмеркаванні гэтага пытання” ў Варшаве.

26 траўня Латушка паведаміў, што спецслужбы рэжыму Лукашэнкі перманентна ствараюць пагрозы актывістам дэмсіл, вядуць вайну з дэмакратычнымі інстытутамі і канкрэтна з камандай НАУ.

Паводле слоў палітыка, матэрыялы, звязаныя са стварэннем пагроз прадстаўнікамі спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да супрацоўнікаў НАУ, “перададзеныя ў адпаведнасці з законам Рэспублікі Польшча аб Агенцтве ўнутранай бяспекі і Агенцтве выведкі на разгляд адпаведнай службе”.

Падзяліцца: