Мінск 23:37

Ціханоўская заклікала парламент Швецыі падпісаць мемарандум аб супрацы з дэмсіламі Беларусі

Фота: прэс-служба Ціханоўскай

16 чэрвеня, Позірк. Падпісаць мемарандум аб супрацы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі заклікала Рыксдаг Швецыі кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская 16 чэрвеня ў Стакгольме на сустрэчы з членамі групы “За дэмакратычную Беларусь” у шведскім парламенце.

Палітык, як адзначана ў яе тэлеграм-канале, лічыць, што падпісанне мемарандуму, падобнага да таго, які заключаны паміж дэмсіламі і Сенатам Польшчы, а таксама Еўрапарламентам, можа “адыграць важную ролю і паслаць сігнал людзям унутры” Беларусі, што “Швецыя не прызнае Лукашэнку”.

Акрамя таго, яна заклікала шведскіх парламентарыяў “выступіць за пашырэнне супрацы” з Радай Паўночных краін: “Магчыма, мы зможам падпісаць мемарандум аб супрацы або запусціць партнёрства паміж Радай <…> і дэмакратычнай Беларуссю”.

Сярод іншых крокаў, якія маглі б зрабіць шведскія дэпутаты, Ціханоўская назвала пашырэнне падтрымкі беларусаў, якія пражываюць у Швецыі: “Мы па-ранейшаму сутыкаемся з мноствам праблемаў з дакументамі. Вашая дапамога будзе мець вырашальнае значэнне і калі мы вырашым гэтую праблему тут, гэта будзе мець вялікае значэнне для іншых краінаў”.

Шведскія дэпутаты таксама маглі б працягнуць далучацца да ініцыяванага Libereco праекта па патранажы над палітычнымі зняволенымі. “Я ведаю, што многія з вас з’яўляюцца [сімвалічнымі] хроснымі бацькамі [палітвязняў], але, магчыма, вы можаце распаўсюдзіць інфармацыю сярод іншых парламентарыяў”, — сказала дэмлідар.

Разам з міністрам замежных справаў Швецыі Марыяй Мальмер Стэнергард Ціханоўская ўзяла ўдзел у мітынгу ў падтрымку Украіны. Палітык выступіла з прамовай, у якой падкрэсліла важнасць адзінства перад тварам аўтарытарызму.

“Беларусь і Украіна не проста знаходзяцца на перадавой барацьбы з тыраніяй — мы фарміруем лінію бяспекі і абароны Еўропы. Таму падтрымка дэмакратычнай Беларусі — гэта ўкладанне ў агульную бяспеку”, — адзначыла Ціханоўская.

Як раней паведаміў “Позірку” галоўны дарадца палітыка Франак Вячорка, на гэтым тыдні дэмлідар наведае тры еўрапейскія краіны.

У рамках паездкі ў Швецыю Ціханоўская сярод іншага сустрэнецца з міністрам знешняга гандлю і міжнароднага развіцця Бенджамінам Даўса, міністрам па справах ЕС Есікай Русенкранц, спікерам парламента Андрэасам Норленам ды інш.

18 чэрвеня палітык наведае Брусель, дзе возьме ўдзел у дэбатах пра дэмакратычную будучыню Беларусі ў рамках пленарнай сесіі Еўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага камітэта (EESC). Разам з дэбатамі адбудзецца падпісанне мемарандума аб узаемаразуменні паміж EESC і беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

19–20 чэрвеня палітык будзе ў Іспаніі. Там яна сустрэнецца са старшынёй Кангрэса дэпутатаў Франсінай Арменголь, міністрам замежных спраў, ЕС і міжнароднага супрацоўніцтва Хасэ Мануэлем Альбарэсам, возьме ўдзел ў некалькіх мерапрыемствах.

Падзяліцца: