Мінск 23:50

Улады Беларусі хочуць збіраць у Інданезіі айчынную тэхніку

Джакарта — сталіца Інданезіі
Ілюстрацыйнае фота: Muhammad Ravel / unsplash.com

6 жніўня, Позірк. Пытанні паставак беларускай тэхнікі, а таксама стварэння ў Інданезіі зборачных вытворчасцей абмяркоўваліся 6 жніўня на сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова, які наведвае гэтую краіну, і інданезійскага міністра прамысловасці Агуса Гуміванга Картасаміта.

Паводле інфармацыі беларускага знешнепалітычнага ведамства, бакі надалі “асаблівую ўвагу” распрацоўцы дарожнай карты супрацы на найбліжэйшыя пяць гадоў. Гэты дакумент, як адзначаецца, мае адлюстроўваць “ключавыя напрамкі ўзаемадзеяння” і будзе выступаць “свайго роду даведнікам для сумеснай працы”.

Суразмоўцы дамовіліся стварыць “дадатковую працоўную групу на ўзроўні намеснікаў міністраў прамысловасці ў рамках дзейнасці двухбаковай камісіі па гандлёва-эканамічнай супрацы”. Асноўнай яе мэтай будзе “ўмацаванне супрацы ў сферы прамысловасці, нафтахіміі, механізацыі сельскай гаспадаркі і фармацэўтыкі”.

На сустрэчы Рыжанкова са старшынёй Гандлёва-прамысловай палаты Інданезіі Анінд’яй Наў’янам Бакры абмяркоўваліся “практычныя крокі па павелічэнні ўзаемнага тавараабароту”. Бакі дамовіліся “актывізаваць працу па лініі гандлёва-прамысловых палат дзвюх краін у частцы арганізацыі візітаў дзелавых і бізнес колаў, а таксама мерапрыемстваў эканамічнага характару”, дамовіліся “актуалізаваць існае пагадненне аб супрацы паміж БелГПП і ГПП Інданезіі”.

“Падчас сустрэчы інданезійскаму боку перададзенае запрашэнне БелГПП наведаць Беларусь у найбліжэйшы час”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падчас перагавораў Рыжанкова з генеральным сакратаром Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі Кау Кім Хуонам намечаныя “планы актывізацыі ўзаемадзеяння па лініі Беларусь — АСЕАН” (рэгіянальная міжурадавая арганізацыя, у якую ўваходзяць Бруней, В’етнам, Інданезія, Камбоджа, Лаос, Малайзія, М’янма, Сінгапур, Тайланд, Філіпіны).

Кіраўнік МЗС падкрэсліў, што “ўмацаванне сувязей па лініі ЕАЭС — АСЕАН з’яўляецца адным з ключавых напрамкаў дзейнасці для беларускага боку” ў рамках старшынства ў Еўразійскім эканамічным саюзе ў 2025 годзе.

Беларускі бок, як паведамляецца, пацвердзіў зацікаўленасць у тым, каб далучыцца да Дагавора аб сяброўстве і супрацы ў Паўднёва-Усходняй Азіі, і працягнуць “канструктыўны дыялог” з членамі і партнёрамі АСЕАН.

Рыжанкоў наведвае Інданезію 5–7 жніўня.

Па выніках праведзеных напярэдадні ў Джакарце перагавораў з інданезійскім калегам Сугіёна беларускі чыноўнік заявіў, што Мінск “пацвердзіў сваю гатоўнасць пастаўляць усе неабходныя прадукты для Інданезіі, уключаючы высакаякасную прамысловую і сельскагаспадарчую тэхніку, а таксама дзяліцца вопытам у мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі”.

15 ліпеня ў Мінску адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Інданезіі Прабава Субіянта.

5 чэрвеня Сугіёна, сустракаючыся ў Джакарце з амбасадарам Беларусі Раманам Раманоўскім, выказаў спадзеў на “паглыбленне супрацы ў галіне паставак калійных угнаенняў”.

Інданезійскае МЗС тады звярнула ўвагу, што па выніках 2024 года тавараабарот паміж краінамі павялічыўся на 44,1% у параўнанні з 2023-м (89,1 млн) і склаў 128,4 млн долараў. З іх 43,6 млн прыйшлося на экспарт Джакарты (13,4 млн; +225%).

Пастаўкі Беларусі ў Інданезію ў 2024 годзе, як вынікае з прыведзеных вышэй даных, склалі 84,8 млн долараў. Паводле інфармацыі Абсерваторыі эканамічнай складанасці (АЭС), якая акумулюе даныя міжнародных арганізацый пра сусветны знешні гандаль, экспарт Мінска на інданезійскі рынак у 2023-м склаўся на ўзроўні 75,7 млн долараў, такім чынам, за год гэты паказчык вырас на 12%. Адметна, што 78,2% паставак (59,2 млн), паводле даных АЭС, прыпала на беларускія ўгнаенні.

Лукашэнка наведваў Інданезію ў 2013 годзе.

Падзяліцца: