Латушка выказаў расчараванне, што прэзідэнт Малдовы прыняла даверчыя граматы ў новага беларускага амбасадара

9 верасня, Позірк. Расчараванне тым, што прэзідэнт Малдовы Мая Санду прыняла даверчыя граматы ў новага беларускага амбасадара, выказаў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка — у мінулым кадравы дыпламат, амбасадар у Польшчы і Францыі.
5 верасня ў Кішынёве Санду, як вынікае з паведамлення яе прэс-службы, прыняла даверчыя граматы ў васьмі амбасадараў. Кіраўнік беларускай амбасады Анатоль Бубен быў запрошаны разам з новымі кіраўнікамі дыппрадстаўніцтваў Еўрасаюза, Ірландыі, Германіі, Ізраіля, Італіі, Нарвегіі і Швецыі.
“Прэзідэнт Малдовы Мая Санду атрымала даверчыя граматы ад амбасадара дыктатара Лукашэнкі, які не прызнаны Саветам Еўрасаюза, Еўрапарламентам і ПАСЕ легітымным прэзідэнтам і з’яўляецца міжнародным злачынцам за злачынствы супраць чалавечнасці, ваеннае злачынства (дэпартацыя ўкраінскіх сірот) і акт агрэсіі супраць Украіны“, — адзначыў Латушка.
“Малдова разлічвае на падтрымку Еўропы — але беларусы, якія змагаюцца за дэмакратыю і еўрапейскі выбар, больш не могуць разлічваць на падтрымку Малдовы?” — звярнуўся палітык да ўладаў гэтай краіны.
Бубен быў прызначаны амбасадарам у Малдове 27 сакавіка 2025 года. Да гэтага быў дырэктарам свабоднай эканамічнай зоны “Мінск“.
Па выніках цырымоніі ўручэння даверчых грамат беларускі МЗС паведаміў, што “падчас кароткай гутаркі” з Санду дыпламат “пацвердзіў зацікаўленасць у падтрыманні канструктыўнага дыялогу з Малдовай, а таксама праінфармаваў кіраўніка дзяржавы аб нацэленасці Мінска на актывізацыю беларуска-малдаўскага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва”.
Пра гатоўнасць дзяліцца дасягненнямі “ў галіне дзяржаўнага і сацыяльна-эканамічнага будаўніцтва” заявіў Аляксандр Лукашэнка 27 жніўня ў віншаванні народу Малдовы з Днём незалежнасці.
Лукашэнка не павіншаваў са святам Санду, якая крытыкуе ягоны рэжым, сустракаецца са Святланай Ціханоўскай і дэкларуе курс на інтэграцыю з Еўрасаюзам. Малдова мае статус кандыдата на ўступленне ў ЕС. У парламенце краіны дзейнічае группа “За дэмакратычную Беларусь”.

- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаКурс наяўнага долара ў верасні вырас на 1,2% пасля зніжэння на 0,8% у жніўні (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЗа 9 месяцаў 2025 года суседнія краіны ЕС зафіксавалі амаль 38 тыс. спробаў нелегальнай міграцыі з тэрыторыі Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаАдмоўнае сальда гандлю таварамі з краінамі па-за СНД вырасла да 5,7 млрд долараўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка