Мінск 13:50

Грамадзяне Малдовы, якія пражываюць у РФ, змогуць прагаласаваць у Мінску на парламенцкіх выбарах

Архіўнае фота: Yandex

28 верасня, Позірк. Участак для галасавання на выбарах у парламент Малдовы працуе ў Мінску 28 верасня ў амбасадзе краіны па адрасе вул. Беларуская, 2, вынікае з паведамлення на сайце дыпмісіі.

Прагаласаваць можна з 7:00 да 21:00.

“Людзі паступова ідуць галасаваць. Як паведамлялася раней, выканаць свой грамадзянскі абавязак прыедуць не толькі грамадзяне Малдовы, якія жывуць у Беларусі, але і дыяспара з РФ”, — адзначае расійскае дзяржагенцтва Sputnik.

Паведамляецца, што каля амбасады “працуе выязны гандаль”.

У РФ адкрыта ўсяго два ўчасткі для галасавання на выбарах у малдаўскі парламент, абодва размешчаныя ў Маскве.

Фаварытамі на выбарах у Малдове, паводле сацапытанняў, з’яўляюцца кіроўная праеўрапейская партыя “Дзеянне і салідарнасць” прэзідэнта Маі Санду і апазіцыйны Патрыятычны выбарчы блок былога прэзідэнта Ігара Дадона, які выступае за збліжэнне з Расіяй.

На думку палітычных экспертаў, выбары ў Малдове з’яўляюцца “гістарычнымі”, бо іх вынікі могуць паўплываць на далейшы курс краіны, у прыватнасці, на перспектывы еўраінтэграцыі. Цяпер Малдова з’яўляецца кандыдатам на ўступленне ў ЕС, гэты працэс можа запаволіцца або зусім спыніцца ў выпадку прыходу да ўлады блока Дадона.

Перад выбарамі афіцыйны Кішынёў не раз заяўляў аб беспрэцэдэнтным умяшанні Масквы ў выбарчы працэс. За сувязі з Крамлём некалькі партый былі адхіленыя ад удзелу ў выбарах.

На прэзідэнцкіх выбарах у Малдове ўвосень 2024 года была пераабраная Санду. Па выніках другога тура яна набрала 55,35% галасоў выбаршчыкаў, яе апанент — падтрыманы партыяй Дадона прарасійскі палітык Аляксандр Стаяногла — 44,65%. На ўчастак для галасавання ў амбасадзе Малдовы ў Мінску масава завозіліся малдаване з Расіі, якія ў асноўным сімпатызуюць РФ. Гэта адбілася на выніках галасавання ў дыпмісіі.

12 ліпеня на сустрэчы ў Мінску з Дадонам Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларускія ўлады “гатовыя да супрацоўніцтва з Малдовай”.

Падзяліцца: