Мінск 21:10

Ціханоўская — прэзідэнту Варшавы: У найбліжэйшы час можа паўстаць неабходнасць прыняць яшчэ больш былых палітвязняў

Фота: прэс-служба Ціханоўскай

30 верасня, Позірк. У найбліжэйшы час можа паўстаць неабходнасць прыняць яшчэ больш былых палітвязняў з Беларусі, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 30 верасня на сустрэчы з прэзідэнтам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім.

Палітык, паводле інфармацыі яе прэс-службы, заклікала “аказаць ім усебаковую падтрымку”.

Ціханоўская падзякавала кіраўніку польскай сталіцы за падтрымку беларускіх арганізацый і ініцыятыў, у тым ліку за працу шэлтараў для тых, хто зазнаў рэпрэсіі.

Адзначаецца, што бакі абмеркавалі “будучыню беларускіх пляцовак” у Варшаве, магчымасці правядзення польска-беларускіх спартовых і культурніцкіх ініцыятыў, а таксама “ініцыятывы ў рамках Пакта Свабодных гарадоў, які аб’ядноўвае Варшаву, Будапешт, Браціславу і Прагу”.

Сустрэча прайшла на палях Варшаўскага форума па бяспецы, у другі дзень якога Ціханоўская і Тшаскоўкі выступалі на панэлі “Нескароныя: барацьба за дэмакратычны суверэнітэт у варожым асяроддзі”.

30 верасня міністр замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі паведаміў пра рух наперад у польска-амерыканскім дыялогу па пытанні вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі.

26 верасня намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка паведаміў, што з апошняй групы вызваленых палітычных зняволеных 13 чалавек звярнуліся ў прадстаўніцтва АПК па сацыяльнай палітыцы з просьбай пасадзейнічаць легалізацыі ў Польшчы.

2 лютага 2025 года ў выніку непублічных перамоў у Мінску намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафера Сміта і прадстаўнікоў беларускіх уладаў былі вызваленыя і адпраўленыя ў Літву палітвязні Андрэй Кузнечык (супрацоўнік “Радыё Свабода”), Алена Маўшук, а таксама асуджаны ў рамках палітычна матываванай справы амерыканскі і ўкраінскі грамадзянін Мікалай Шугаеў.

21 чэрвеня ў беларускай сталіцы адбыліся перамовы Лукашэнкі і спецпрадстаўніка амерыканскага прэзідэнта па пытаннях Украіны Кіта Келага. Неўзабаве пасля гэтага на волю адпусцілі і дэ-факта выслалі з краіны 14 чалавек, пераважна палітвязняў, у тым ліку відэаблогера Сяргея Ціханоўскага — мужа Святланы Ціханоўскай.

52 зняволеных, у тым ліку 40 палітычных, былі вызваленыя 11 верасня ў рамках здзелкі паміж адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Лукашэнкі. Умовай вызвалення быў выезд вязняў з краіны. Адзін з вызваленых — апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч — адмовіўся эміграваць у Літву, куды павезлі групу, і вярнуўся на беларускую тэрыторыю. Пра яго лёс дакладнай інфармацыі няма.

Падзяліцца: