Мінск 20:15

У ваенна-патрыятычных клубах дзяцей вучаць страляць, ім прышчапляюць ідэалогію “рускага свету”, у гэта ўкладваюцца сотні тысяч долараў — БРЦ

Фота: сайт фонду "Маладая гвардыя"

5 кастрычніка, Позірк. Больш за 2.500 дзяцей наведваюць ваенна-патрыятычныя клубы, якія базуюцца ў воінскіх часцях і ўваходзяць у склад фонду “Маладая гвардыя”, паведамляе Беларускі расследвальніцкі цэнтр (БРЦ).

“Падлеткі маршыруюць, праходзяць агнявую і медыцынскую падрыхтоўку, удзельнічаюць у палявых лагерах. <…> За рыторыкай патрыятычнага выхавання хаваюцца элементы мілітарызацыі непаўналетніх, трэніроўкі з баявой зброяй і распаўсюджванне прарасійскіх наратываў”, — адзначаецца ў расследаванні.

Усяго ў Беларусі дзейнічае 23 ваенна-патрыятычных клубаў, вынікае з публікацыі.

“Мы абтэлефанавалі клубы — пад выглядам зацікаўленых бацькоў. У мазырскім “Беркуце” фармат заняткаў апісалі як “падрыхтоўку дзяцей да вайсковай службы”. У “Доблесці-Лельчыцах” нам паведамілі, што падлеткі страляюць з баявой зброі, кіруюць дронамі, вучацца штурмаваць будынкі і капаць акопы пад кіраўніцтвам інструктараў-вайскоўцаў”, — гаворыцца ў расследаванні.

Пералічаныя навыкі, паводле слоў прадстаўніка клуба “Доблесць-Лельчыцы”, спатрэбяцца дзецям “і ў паўсядзённым жыццядзейнасці”.

Факт стральбы з баявой зброі пацвердзілі БРЦ і непасрэдна ў фондзе “Маладая гвардыя”. “Нармальных пацаноў заўсёды цягне да зброі”, — сказаў прадстаўнік арганізацыі.

Расследвальнікі звяртаюць увагу, што ў сацсетках фонду апублікаваныя фота і відэа спаборніцтваў па стральбе з аўтамата Калашнікава. Дырэктар “Маладой гвардыі” Сяргей Грабеннікаў даў наказ дзецям на гэтыя спаборніцтвы словамі: “Баявая стральба вельмі адказная”.

“Фізічная падрыхтоўка [ў клубах] суправаджаецца ідэалагічнай”, — канстатуе БРЦ.

Паведамляецца, што ў верасні 2025 года выхаванцаў клуба “Рысь” наведала дэлегацыя з самаабвешчанай “луганскай народнай рэспублікі” на чале з кіраўніком яе акупацыйнай адміністрацыі Леанідам Пасечнікам. “У інстаграме “Маладой гвардыі” “лнр” называюць “брацкай”, адзначаючы “агульных герояў, агульную гісторыю і агульную будучыню”, — гаворыцца ў расследаванні.

“Тэлеграм-канал “Маладой гвардыі” транслюе тыповыя для расійскай і беларускай прапаганды тэзісы: “Мэта Захаду — уварвацца ў Беларусь”, “інкубатары зла ў Балтыі”, “культ вайны” ва Украіне. Арганізацыя рэгулярна рэпосціць вядучага СТВ Рыгора Азаронка, які супрацьпастаўляе “мільярдам Захаду на прамыванне мазгоў” “чыстыя сэрцы патрыётаў” Беларусі”, — адзначае БРЦ.

Членства ў ваенна-патрыятычных клубах дае дзецям льготы для паступлення ва ўніверсітэты ваеннага профілю альбо на ваенныя факультэты ВНУ. Паводле даных расследвальніцкага цэнтра, па выніках мінулага навучальнага года з 14 выпускнікоў клуба “Доблесць-Лельчыцы” 10 “пайшлі ў сілавыя структуры”.

У расследаванні таксама ўтрымліваюцца звесткі аб фінансаванні клубаў. Са спасылкай на фінансавую справаздачу “Маладой гвардыі” за 2024 год паведамляецца, што фонд задэклараваў больш за мільён беларускіх рублёў (312,5 тыс. долараў) спонсарскай дапамогі, з якіх 724 тыс. (223 тыс. долараў) было выдаткавана. Найбуйнейшыя артыкулы выдаткаў — заробкі (308 тыс. рублёў або 95 тыс. долараў) і “спонсарская дапамога воінскім часцям” (192 тыс. або 59 тыс. долараў). Каля 300 тыс. рублёў (92 тыс. долараў) “засталіся непатрачанымі”, удакладняе БРЦ.

“Ключавой фігурай” фонду называецца намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў. Ён “рэгулярна наведвае мерапрыемствы фонду і лабіруе спонсарскую дапамогу, напрыклад, у чэрвені 2025-га стала вядома, што ён звярнуўся па гэтым пытанні ў ААТ “Інтэграл”.

“Яшчэ адна асоба “Маладой гвардыі” — яе кіраўнік Сяргей Грабеннікаў. Ён служыў у трох вайсковых частках, а цяпер сумяшчае працу ў “Маладой гвардыі” з пасадай у фінансава-эканамічным упраўленні галоўнага ўпраўлення камандуючага ўнутранымі войскамі МУС”, — адзначаюць расследвальнікі.

Пры гэтым, як заяўляецца, да кастрычніка 2024 года фондам кіравала Ала Веруш — “цяпер дарадца “Маладой гвардыі”, прафесар Акадэміі МУС і былая аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, заснаванага Аляксандрам Лукашэнкам”.

Паведамляецца таксама, што мерапрыемствы фонду, акрамя Карпянкова, наведваюць найбліжэйшы паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант і “іншыя высокапастаўленыя прыхільнікі кіраўніка краіны”.

НАУ: Улады залучаюць дзяцей у мілітарысцкія арганізацыі, фарміруючы ў іх гатоўнасць да ўдзелу ў вайне

24 жніўня, Позірк. Улады Беларусі "актыўна залучаюць" непаўналетніх "у ваенізаваныя арганізацыі, фарміруючы ў іх гатоўнасць да службы і патэнцыйнага ўдзелу ў баявых дзеяннях", заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка фільме "Беларусь у цісках вайны", падрыхтаваным арганізацыяй. Другая з …
Падзяліцца: