Мінск 17:23

Накіраваная ў суд справа экс-добраахвотніка з палка Калінавага, былога члена КС Шабуцкага

Архіўнае відэа: ютуб-канал Максіма Шабуцкага / стоп-кадр: "Позірк"

20 кастрычніка, Позірк. Крымінальная справа экс-добраахвотніка з беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага, які ваюе за Украіну, блогера і былога члена Каардынацыйнай рады Максіма Шабуцкага накіраваная ў суд, вынікае з паведамлення, распаўсюджанага 20 кастрычніка прэс-службай Генеральнай пракуратуры.

Паводле інфармацыі нагляднага органа, “скончаную ў парадку спецыяльнай вытворчасці крымінальную справу” накіравала ў суд пракуратура Гродзенскай вобласці.

Блогер, як сцвярджаецца, у 2020 годзе “арганізаваў экстрэмісцкае фарміраванне, якое складаецца са стваральнікаў, адміністратараў, кіраўнікоў і ўдзельнікаў” ютуб-канала “Максім Шабуцкі” і тэлеграм-канала “Група Шабуцкі”. “Кіраванне дзейнасцю фарміравання абвінавачаны ажыццяўляе па сёння, знаходзячыся па-за межамі Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя таго, Шабуцкі, паводле сцвярджэння ведамства, “з папярэдняй змовы з іншымі асобамі з чэрвеня 2020 года на прыналежных яму і адміністраваных ім інтэрнэт-рэсурсах <…> размясціў інфармацыйныя матэрыялы экстрэмісцкага характару”.

Сярод іншага ў іх, як заяўлена, утрымліваліся “заклікі да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, здзяйснення актаў тэрарызму, дыверсій ды іншых дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны, здзяйснення дзеянняў для ўзбуджэння іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў і судовай сістэмы” ды інш.

З лютага 2023 года па красавік 2024 года мужчына прайшоў навучанне і іншую падрыхтоўку, як сцвярджаецца, “для сумеснай злачыннай дзейнасці на тэрыторыі Украіны, Беларусі ды іншых дзяржаў, забеспячэння захопу дзяржаўнай улады ў краіне ўзброеным шляхам”.

“Ён жа, далучыўшыся да змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, якую ўзначальвае Святлана Ціханоўская, стварыў экстрэмісцкае фарміраванне “Независимые белорусы” і/або “Незалежныя беларусы”. Кіруючы ім, увайшоў у склад “Кардынацыйнай рады”, спрыяў рэалізацыі супрацьпраўных планаў і дасягненню экстрэмісцкіх мэт удзельнікаў змовы”, — заявіў наглядны орган.

У выніку “супрацьпраўных дзеянняў” Шабуцкага, дзяржаве, як сцвярджаецца, “нанесеная маёмасная шкода ў суме каля 31 млн рублёў, які мае быць спагнаная з абвінавачанага”.

Пракуратура Гродзенскай вобласці, вывучыўшы матэрыялы справы, палічыла абгрунтаваным абвінавачанне блогера паводле ч. 3 арт. 361, ч. 3 арт. 130, ч. 1 арт. 293, ч. 1 арт. 342, ч. 1 і 2 арт. 367, ч. 1 і 2 арт. 368, арт. 369, арт. 391, арт. 188, арт. 3691, арт. 370, ч. 2 арт. 3612, ч. 1 арт. 3614 (у рэдакцыі закона ад 26 траўня 2021 года), ч. 2 арт. 3614, ч. 1, 2 і 3 арт. 3611, ч. 2 арт. 285, ч. 1 арт. 3613, арт. 3615 і ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса.

Мера стрымання ў дачыненні да Шабуцкага, які знаходзіцца за мяжой, пакінутая без змяненняў — заключэнне пад варту.

Следчы камітэт пачаў спецыяльную вытворчасць у дачыненні да Шабуцкага 1 верасня.

Спецвытворчасць па крымінальнай справе праводзіцца ў Беларусі ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі краіны і ўхіляецца ад яўкі ў орган, што вядзе крымінальны працэс. Магчымая па 34 складах злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх.

Даведка “Позірку”:

  • арт. 130 — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;
  • арт. 188 — паклёп;
  • арт. 285 — стварэнне злачыннай арганізацыі або ўдзел у ёй;
  • арт. 293 — масавыя беспарадкі;
  • арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх;
  • арт. 357 — змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады;
  • арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
  • арт. 3611 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім;
  • арт. 3612 — фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці;
  • арт. 3613 — удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу;
  • арт. 3614 — (у ранейшай і цяперашняй рэдакцыях) — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;
  • арт. 3615 — праходжанне навучання або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці;
  • арт. 367 — паклёп у дачыненні да прэзідэнта;
  • арт. 368 — абраза прэзідэнта;
  • арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады;
  • арт. 3691 — дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь
  • арт. 370 — знявага дзяржаўных сімвалаў;
  • арт. 391 — абраза суддзі або народнага засядацеля.
Падзяліцца: