Мінск 20:19

Турчын накіраваўся ў Казахстан — запланаваныя перагаворы з прэзідэнтам Такаевым, прэм’ерам Бяктэнавым

Астана
Ілюстрацыйнае фота: Kate Ibragimova / unsplash.com

4 лістапада, Позірк. З двухдзённым візітам у Казахстан 4 лістапада накіравалася дэлегацыя ўрада Беларусі на чале з прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным.

Паводле інфармацыі прэс-службы Савета міністраў, на сустрэчы з казахстанскім прэзідэнтам Касым-Жамартам Такаевым плануецца абмеркаваць “пытанні паглыблення двухбаковай супрацы”.

“У праграме двухдзённага візіту таксама перагаворы з прэм’ер-міністрам Казахстана Алжасам Бяктэнавым у вузкім і пашыраным складах, — гаворыцца ў паведамленні. — Як чакаецца, будзе падпісаны шэраг міжнародных дакументаў”.

У першы дзень візіту Турчын мае намер наведаць Цэнтр падтрымкі лічбавага ўрада Казахстана і міжнародны тэхнапарк ІT-стартапаў “Астана Хаб”.

Напярэдадні Турчын прадставіў Аляксандру Лукашэнку даклад, асноўнай тэмай якога быў парадак візіту беларускай дэлегацыі ў Казахстан.

29 кастрычніка прэс-служба Лукашэнкі паведаміла пра яго тэлефонную размову з Такаевым. Суразмоўцы, як адзначалася, “абмеркавалі двухбаковы парадак дня”. “У прыватнасці, дамовіліся пра тое, што ўрадавая дэлегацыя Беларусі ў найбліжэйшы час здзейсніць візіт у Казахстан і ўнясе канкрэтныя прапановы па паглыбленні супрацы”, — гаварылася ў паведамленні.

“Шматгадовыя стасункі” Мінска і Астаны, “заснаваныя на даверы і сяброўстве”, з’яўляюцца “надзейнай гарантыяй далейшага ўмацавання беларуска-казахстанскай супрацы”, заявіў Лукашэнка, віншуючы 25 кастрычніка Такаева з Днём Рэспублікі.

26 кастрычніка амбасадар Беларусі ў Казахстане Аляксей Багданаў у эфіры дзяржтэлеканала СТБ заявіў, што за 8 месяцаў 2025 года ўзаемны тавараабарот вырас на 17%. “То бок з Беларусі экспарт у Казахстан вырас на 15%. На 26% выраслі казахстанскія пастаўкі ў нашу краіну. Баланс на карысць нашага боку. Дзве вялікія групы можна раздзяліць — гэта тавары прамысловыя і тавары сельгаспрызначэння і харчовай індустрыі”, — заявіў дыпламат.

У сюжэце адзначалася, што ў Казахстане дзевяць сумесных прадпрыемстваў, маюцца зборачныя вытворчасці беларускай тэхнікі. На першым беларуска-казахстанскім аграрным форуме, які прайшоў незадоўга да таго ў Астане, заключана кантрактаў на 90 млн долараў.

Як вынікала з заявы першага намесніка прэм’ер-міністра Мікалая Снапкова ў інтэрв’ю “Першаму інфармацыйнаму” тэлеканалу ад 25 кастрычніка, беларускія ўлады хочуць павялічыць узаемны тавараабарот з Казахстанам сама меней да 2 млрд долараў.

Паводле слоў Снапкова, для Беларусі Казахстан у рамках СНД з’яўляецца другім партнёрам “паводле экспарту, імпарту і сумеснаму знешнеэканамічнаму абароту”, сярод усіх краін свету — трэцім пасля Расіі і Кітая.

“Мяркую, у два разы больш тавараабарот цалкам магчымы, з улікам таго, што ў нас традыцыйна дадатнае сальда ў гандлі Беларусі і Казахстана. Для нас гэта важна”, — сказаў чыноўнік.

У лютым 2025 года старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Сяргей Рачкоў заяўляў, што ў 2024-м тавараабарот Беларусі і Казахстана склаў 1,1 млрд долараў (паводле даных казахстанскага ўрада — 900 млн).

Падзяліцца: