Мінск 23:57

“Экстрэмісцкім фарміраваннем” прызнаны “Валанцёрскі цэнтр “Сустрэча“

11 лістапада, Позірк. Грамадская арганізацыя “Валанцёрскі цэнтр “Сустрэча” прызнана “экстрэмісцкім фарміраваннем” на падставе рашэння МУС ад 5 лістапада, вынікае з абноўленага адпаведнага пераліку на сайце ведамства.

Паводле версіі міністэрства, да арганізацыі датычныя грамадзяне Беларусі Алена Жаркевіч і Ірына Лукашэнка. Экстрэмісцкімі прызнаныя шэраг акаўнтаў арганізацыі ў сацсетках, а таксама “лагатып у выглядзе графічнай выявы сэрца, утворанага выгнутымі лініямі чатырох колераў: сіняга, жоўтага, белага і чырвонага, якія перакрываюцца“.

У лістападзе 2023 года Жаркевіч паведаміла “Позірку”, што арганізаваны “Сустрэчай” гуманітарны канвой даставіў з Еўропы ва Украіну пяць аўтамабіляў, уключаючы адзін рэанімабіль, якія планавалася перадаць беларускім і ўкраінскім падраздзяленням у складзе Узброеных сіл Украіны (УСУ).

“Гуманітарная дапамога і аўтамабілі набываліся на сродкі беларускіх вайскоўцаў, якія змагаюцца ў складзе УСУ, украінскіх фондаў і прадстаўнікоў беларускай дыяспары за мяжой. Рэанімабіль і яшчэ адно аўто цалкам набытыя на сродкі беларусаў“, — адзначыла тады Жаркевіч.

Яна паведаміла, што на той момант “Сустрэча” займалася транспарціроўкай гуманітарных канвояў паўтара года.

Агульная колькасць экстрэмісцкіх фарміраванняў дасягнула 317.

Падзяліцца: