Мінск 19:20

Літва не мае ніякага дачынення да БПЛА, які нібыта заляцеў у Беларусь — прэм’ер Ругінене

Фота: lrt.lt

2 снежня, Позірк. Літва не мае “ніякага дачынення” да беспілотнага лятальнага апарата з бел-чырвона-белымі сцяжкамі, які нібыта заляцеў у Беларусь, заявіла прэм’ер-міністр гэтай балтыйскай краіны Інга Ругінене.

Паводле слоў кіраўніка ўрада, якія прыводзіць партал Delfi, у яе няма інфармацыі ад ведамстваў аб тым, што “Літва якім-небудзь чынам датычная да гэтай справы”.

Міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч заявіў, што на гэты момант “ніякіх фіксаваных адзнак з боку памежнікаў <…> не было”. “Пакуль ёсць толькі фатаграфія з адкрытых крыніц аб тым, што нешта кудысьці паляцела”, — сказаў міністр.

Удзень 1 снежня пратэст “у сувязі з парушэннем дзяржаўнай мяжы Беларусі беспілотным лятальным апаратам самалётнага тыпу, які 30 лістапада перасек мяжу з Лаздзійскага раёна Літвы і ўпаў у Гродна”, быў заяўлены выкліканаму ў МЗС Беларусі часоваму паверанаму ў справах Літвы Эрыкасу Вілканецасу.

Паводле сцвярджэння МЗС, “аналіз абломкаў, уключаючы відэа- і навігацыйныя даныя, паказаў: маршрут заходнееўрапейскага БПЛА прадугледжваў пралёт над Беларуссю, выхад у Польшчу і вяртанне ў кропку запуску ў Літве”: “Мінск расцэньвае інцыдэнт як наўмысную правакацыю”.

Ад Літвы запатрабавалі прадставіць падрабязную інфармацыю аб інцыдэнце, “правесці расследаванне, прыцягнуць вінаватых і прыняць меры для недапушчэння паўтарэння падобных выпадкаў”.

Адзначалася, што “Беларусь пакідае за сабой права на неабходныя захады для абароны суверэнітэту”.

Праз некаторы час 1 снежня МУС Беларусі паведаміла, што напярэдадні “на адной з вуліц Гродна знойдзены БПЛА невядомага паходжання”. “Падчас агляду міліцыянтамі ўстаноўлена, што дрон абсталяваны фота- відэакамерай з магчымасцю збору разведвальных даных. Акрамя гэтага, з беспілотніка быў ажыццёўлены скід друкаванай прадукцыі экстрэмісцкай накіраванасці”, — гаварылася ў рэлізе.

МЗС Літвы даведаўся пра нібыта выкліканага свайго дыпламата ў МЗС Беларусі з паведамленняў у сацыяльных сетках, паведаміла ўвечары таго ж дня прэс-сакратар міністра Крысціна Белікава: “Пасля праверкі высветлілася, што на той момант часовы павераны ў справах Літвы ніякага запрашэння не атрымліваў. Запрашэнне прыехаць у МЗС Беларусі ён атрымаў толькі праз гадзіну”.

“Мы расцэньваем гэтыя адчайныя дзеянні беларускага рэжыму як чарговую няўдалую спробу схаваць уласныя зламысныя дзеянні і заклікаем як мага хутчэй прыняць усе пералічаныя меры для ўрэгулявання сітуацыі”, — заявіла прэс-сакратар.

Падзяліцца: