Мінск 02:19

У офісе Ціханоўскай абверглі інфармацыю аб пераездзе ў Варшаву (дапоўнена)

Архіўнае фота: "Позірк"

дададзеныя абзацы 3 і 4

10 снежня, Позірк. Пастановы аб пераездзе Офіса Святланы Ціханоўскай (ОСЦ), яго часткі і самога дэмлідара з Вільнюса ў Варшаву не прымалася, заявіў “Позірку“, каментуючы інфармацыю, якая распаўсюджваецца на гэты конт, яе галоўны дарадца Франак Вячорка.

“Мы працягваем працаваць, як і да гэтага. Ціханоўская, як і раней, застаецца пад літоўскай аховай. На сувязі з Літвой па ўсіх пытаннях”, — сказаў ён.

Паводле слоў Вячоркі, да ўвядзення новай сістэмы аховы рана казаць пра якія-небудзь змены ў дзейнасці ОСЦ альбо яго пераездзе. У Ціханоўскай “застаецца статус госця Літвы і дыпламатычная акрэдытацыя без імунітэту“. “Разумею, што ёсць шмат спекуляцый, але драматызаваць сітуацыю не варта“, — дадаў Вячорка.

10 снежня “Наша ніва“ са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што Ціханоўскай не вярнулі ахову ў Літве, у сувязі з чым частка супрацоўнікаў ОСЦ пераязджае ў сталіцу Польшчы.

Беларуская служба “Радыё Свабода” са спасылкай на ўласныя крыніцы апублікавала інфармацыю, што ў Варшаву збіраюцца пераехаць сама Ціханоўская і частка супрацоўнікаў ОСЦ.

7 кастрычніка стала вядома, што Літва зніжае ўзровень фізічнай аховы Ціханоўскай, якая разам з сям’ёй пражывае ў Вільнюсе. Афіцыйная прычына — рэвізія ступені пагроз. Шэраг літоўскіх палітыкаў раскрытыкаваў такое рашэнне (былы кіраўнік МЗС Габрыэлюс Ландсбергіс расцаніў гэты крок як здраду). Экс-прэм’ер Літвы Інгрыда Шыманітэ назвала яго не тэхнічным, а палітычным.

Кіраўнік цяперашняга ўрада Літвы Інга Ругінене адзначыла, што ахова Ціханоўскай не знятая, але “скарэктаваная з улікам бягучых рэалій“. На яе думку, літоўскія службы “выдатна выконваюць сваю працу, штодня ацэньваючы ўзровень пагроз і мадэлюючы, якія захады бяспекі варта ўжываць на аснове гэтага“.

8 кастрычніка дарадца дэмлідара ў дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі заявіў, што праца фізічнага офіса ў літоўскай сталіцы прыпыненая ў сувязі “са зменамі ў сістэме аховы і бяспекі“.

14 кастрычніка прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што сітуацыя з аховай Ціханоўскай драматызуецца.

17 кастрычніка літоўскія ўлады часова вярнулі Ціханоўскай ахову — пакуль не будзе сфармаваная новая сістэма бяспекі.

22 кастрычніка намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка паведаміў пра “пагрозы здзяйснення забойства”, якія паступілі на яго адрас і на адрас Ціханоўскай.

Перагляд аховы Ціханоўскай “не быў палітычным рашэннем аб зніжэнні ўзроўню“, гэта “змена формы”, заявіў журналістам 24 кастрычніка міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.

Падзяліцца: