Мінск 11:58

ЕАБР звязвае прагназуемы рост ВУП Беларусі ў 2026 годзе з рэалізацыяй сумесных з РФ праектаў

22 снежня, Позірк. Паслабленне попыту з боку Расіі ў 2025 годзе аказвае негатыўны ўплыў на беларускую прамысловасць, выпуск у якой за год скараціўся на 1,7%, гаворыцца ў штотыднёвым макрааглядзе Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР).

У 2026 годзе аналітыкі прагназуюць павелічэнне ВУП Беларусі на 1,8% “па меры рэалізацыі запланаваных урадам 600 праектаў і паскарэння росту эканомікі Расіі”.

У ЕАБР нагадалі, што ВУП Беларусі вырас на 1,3% у студзені — лістападзе 2025 года пасля 1,5% у студзені — кастрычніку, адзначыўшы, што “эканоміка захоўвае рост за кошт спажывецкай і інвестыцыйнай актыўнасці”.

Паводле найважнейшых эканамічных прагнозных (дэ-факта — планавых) параметраў на 2025 год, рост ВУП павінен скласці 4,1%.

19 снежня, прадстаўляючы на Усебеларускім народным сходзе Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады, прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын заявіў, што ВУП плануецца павялічыць за гэты перыяд на 15,8%.

“На фоне геапалітычнай нестабільнасці і запаволення тэмпаў сусветнай эканомікі чаканы рост нашай эканомікі складзе не менш за 3% у год, — удакладніў чыноўнік. — Варта адзначыць, што гэтая задача з’яўляецца даволі напружанай. Для параўнання: рост ВУП за бягучую пяцігодку ацэньваецца на ўзроўні 7%”.

Па выніках 2024 года рост эканомікі склаўся на ўзроўні 4%, 2023 — 3,9%, 2022 — ВУП знізіўся на 4,7%, 2021 — вырас на 2,3%, 2020 — скараціўся на 0,9%.

Міжнародны валютны фонд (МВФ) у кастрычніцкім аглядзе пагоршыў прагноз па росце беларускай эканомікі ў 2025 годзе. На думку аналітыкаў, валавы ўнутраны прадукт Беларусі па выніках 2025 года вырасце на 2,1%, 2026-га — на 1,4%.

Раней Сусветны банк панізіў на 0,3 працэнтнага пункта свой прагноз па росце эканомікі Беларусі ў 2025 годзе — да 1,9% (у чэрвеньскім аглядзе прагноз быў вышэйшы — +2,2%).

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця ў верасні таксама пагоршыў свой папярэдні (травеньскі) прагноз — да 1,7% на 2025-ы і да 2,3% — на 2026-ы.

Зніжэнне тэмпаў росту ВУП Беларусі да 1,6% прагназаваў Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця ў сваім рэгіянальным эканамічным аглядзе, апублікаваным у красавіку.

Еўразійскі банк развіцця ў снежні знізіў прагноз па росце ВУП у 2025 годзе ў Беларусі 3% да 1,8%.

ВУП Беларусі павялічыўся за студзень — лістапад 2025 года на 1,3% да аналагічнага перыяду 2024-га. У бягучых цэнах ён склаў 258 млрд рублёў.

Падзяліцца: