Мінск 01:26

БАЖ адхіліла на год ад кіраўнічых функцый свайго намстаршыні Гарэцкага, падазраванага ў магчымым харасменце

Барыс Гарэцкі
Фота: БАЖ

23 снежня, Позірк. Праўленне Беларускай асацыяцыі журналістаў (працуе ў выгнанні) адхіліла намесніка старшыні арганізацыі Барыса Гарэцкага на адзін год ад выканання прадстаўнічых і кіраўнічых функцый. Рашэнне прынята 23 снежня па выніках чатырохмесячнага расследавання, якое пачалося пасля заявы самога Гарэцкага пра наяўнасць абвінавачванняў у яго адрас у харасменце.

Як паведамляе прэс-служба БАЖ, упаўнаважаныя асобы падчас разбіральніцтва “атрымалі адну заяву ад асобы, якая лічыць сябе пацярпелай”, якая “адмовілася ад далейшай камунікацыі”.

Прадстаўленых звестак аказалася недастаткова для прыняцця рашэння аб кваліфікацыі дзеянняў Гарэцкага. З улікам неабходнасці “ўсебаковай і прынцыповай ацэнкі сітуацыі” праўленне БАЖ прыняло рашэнне “працягнуць разбіральніцтва да 1 снежня 2025 года і прыцягнуць да ацэнкі інфармацыі знешняга эксперта”.

Да завяршэння разбіральніцтва Гарэцкі быў адхілены ад выканання прадстаўнічых і кіраўнічых функцый у якасці намкіраўніка асацыяцыі.

17 снежня праўленне БАЖ атрымала заключэнне знешняга эксперта ў галіне гендару і харасмента. Праўленне арганізацыі ў выніку вырашыла, што дзеянні Гарэцкага “маглі быць успрыняты як двухсэнсоўныя і інтэрпрэтаваныя як харасмент”.

Гарэцкаму “вынесена папярэджанне аб недапушчальнасці падобных паводзін у будучыні”. Ён адхілены ад выканання прадстаўнічых і кіраўнічых функцый “тэрмінам на 12 месяцаў”. Гэты тэрмін адлічваецца ад 14 жніўня, калі пачалося расследаванне.

Да заканчэння тэрміну (13 жніўня 2026 года) будзе працягнуты “маніторынг прафесійных адносін/паводзін” Гарэцкага.

Праўленне абавязала яго ажыццяўляць дзелавыя кантакты толькі ў рабочы час або ў рабочай прасторы, альбо з выкарыстаннем зацверджаных каналаў дзелавой камунікацыі.

Гарэцкі павінен прайсці навучанне па пытаннях недапушчэння харасмента і парушэння асабістых межаў у прафесійнай дзейнасці.

Акрамя таго, БАЖ працягне распрацоўку комплекснай гендарнай палітыкі асацыяцыі, а таксама плана яе ўкаранення, рэалізацыі, маніторынгу і ацэнкі.

У межах гендарнай палітыкі будзе прыняты рэгламент разгляду і рэагавання на скаргі аб харасменце.

Да ведама прыняты распрацаваны знешнім экспертам кантрольны спіс па рэагаванні на выпадкі харасмента.

Да зацвярджэння рэгламенту працягнуць працу асобы, упаўнаважаныя праўленнем асобы на збор інфармацыі аб магчымым харасменце ў прафесійнай дзейнасці з боку прадстаўнікоў БАЖ. Для ўсіх супрацоўнікаў БАЖ з мэтай недапушчэння харасмента будзе праведзены інструктаж, які стане штогадовым.

Напачатку разбіральніцтва Гарэцкі напісаў у “Фэйсбуку”: “Заўсёды казаў, што я не маральны ідэал”. “У маім жыцці былі і непрыемныя плямы. У ранейшыя гады я мог дапусціць некарэктную камунікацыю. Нажаль, некаторыя мае выказванні могуць трактавацца як харасмент. Я вельмі шкадую аб гэтым”, — адзначыў ён, падкрэсліўшы, што ніколі не рабіў і ніколі не зробіць “хоць бы намёку на нейкую ўдзячнасць” за сваю дапамогу. Таксама для яго непрымальна “ўступаць у нейкія адносіны, дасылаць дыкпікі (фота палавога члена. — “Позірк”.) і падобнае”.

Гэта ўжо не першы секс-скандал у беларускай дэмакратычнай супольнасці.

21 ліпеня на “Еўрарадыё” выйшаў матэрыял “Андрэй Стрыжак і няпрошаныя дыкпікі”. У ім сцвярджалася, што кіраўнік BySol Стрыжак дасылаў беларускім актывісткам і праваабаронніцам дыкпікі. Некалькі прадстаўніц фемінісцкай супольнасці пацвердзілі “Еўрарадыё”, што ведаюць пра сітуацыю, ім вядома як мінімум пра сем падобных кейсаў. Дзве дзяўчыны падзяліліся са згаданым СМІ сваімі гісторыямі.

У той жа дзень Стрыжак заявіў, што “ў жыцці кожнага чалавека бываюць учынкі, якія не робяць яму гонару”, і папрасіў прабачэння ва ўсіх, каго яны “маглі абразіць, закрануць або занепакоіць”. Паводле сцвярджэння кіраўніка BySol, яго дзеянні “не прадугледжвалі прымусу, злоўжывання службовым становішчам, прагі нажывы або чаго-небудзь падобнага”.

З асуджэннем такіх паводзін 22 ліпеня выступілі Аб’яднаны пераходны кабінет і камісія па сацыяльнай палітыцы Каардынацыйнай рады, якая запатрабавала правесці праверку.

23 ліпеня BySol паведаміў пра адхіленне Стрыжака ад “кіраўнічай пасады” і “выканання прадстаўнічых функцый”, а таксама аб пачатку разбіральніцтва.

24 верасня 2025 года BySol паведаміў, што спецыяльна створаная камісія рэкамендавала цалкам спыніць супрацоўніцтва са Стрыжаком пасля разгляду “12 кейсаў харасменту”. Стрыжак з рашэннем камісіі не пагадзіўся, назваўшы яго “празмерным і непрапарцыйным як па сутнасці, так і па працэдуры”. Таксама ён паведаміў камісіі аб “асабістых абавязацельствах, накіраваных на выпраўленне прычыненай шкоды”.

У выніку было прынята рашэнне, што Стрыжак працягне працу ў праекце, але ў “абмежаваным фармаце”, у прыватнасці, ён не будзе выконваць кіраўнічых функцый.

Аднак 29 верасня, неўзабаве пасля таго, як шэраг арганізацый абвясціў пра спыненне супрацоўніцтва з фондам, Стрыжак паведаміў, што пакідае арганізацыю.

Падзяліцца: