Мінск 20:59

Бяляцкі: Сусветная супольнасць павінна спыніць рэкі крыві, якія затапілі вуліцы іранскіх гарадоў

Фота: lrt.lt

13 студзеня, Позірк. З заявай супраць дзеянняў уладаў Ірана ў дачыненні да пратэстоўцаў выступіў 13 студзеня на сайце праваабарончага цэнтра “Вясна” яго заснавальнік, былы палітвязень, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.

“З вялікім непакоем і надзеяй увесь свет назірае за тым, што сёння адбываецца ў Іране. Дзесяцігоддзямі краіна знаходзіцца пад поўным кантролем таталітарнага радыкальнага ісламскага кіраўніцтва. У краіне адсутнічаюць свабода і дэмакратыя. Дзясяткі тысяч палітвязняў прайшлі праз іранскія турмы, уключаючы нобелеўскага лаўрэата прэміі міру Наргіз Махамадзі”, — адзначыў Бяляцкі.

Паводле яго слоў, цяпер “іранскі народ паўстаў”: “У краіне праходзяць шматлікія акцыі пратэсту супраць бядотнага эканамічнага становішча і адсутнасці свабод. У адказ улады выключылі інтэрнэт і ўжылі жорсткія меры пакарання пратэстоўцаў. Тысячы людзей арыштаваныя, падвергнутыя катаванням. Паліцыя і іншыя мілітарныя падраздзяленні расстрэльваюць мірныя мітынгі і сходы. Колькасць ахвяр, сярод якіх жанчыны і дзеці, паводле паведамленняў іранскіх праваабаронцаў, ідзе на тысячы”.

“У гэтай крытычнай сітуацыі я захапляюся мужнасцю пратэстоўцаў у Іране, якія, нягледзячы на смяротную небяспеку, выступаюць за свае правы і справядлівасць. Я заклікаю ўсе міжнародныя арганізацыі, урады дэмакратычных краін прыкласці ўсе намаганні для спынення гвалту з боку іранскіх уладаў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў. Я заклікаю іранскія ўлады пачуць голас народа і пачаць перамовы з дэманстрантамі”, — падкрэсліў нобелеўскі лаўрэат.

Сусветная супольнасць павінна “спыніць рэкі крыві, якія затапілі вуліцы іранскіх гарадоў”, заявіў Бяляцкі.

11 студзеня салідарнасць з народам Ірана выказала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Масавыя пратэсты ў Іране, якія МЗС Беларусі лічыць прыкметай “ускладненай абстаноўкі”, працягваюцца з канца снежня 2025 года. Хваляванні пачаліся на фоне эканамічнага крызісу, але пасля перараслі ў патрабаванні звяржэння ўлады на чале з “духоўным лідарам” — аяталой Алі Хаменеі.

Пратэстамі ў Іране ахопленыя ўсе буйныя гарады. Улады традыцыйна ўжываюць гвалт для падаўлення вулічнай актыўнасці. Дакладную інфармацыю аб колькасці загінулых атрымаць не ўдаецца, паколькі ў краіне ўжо некалькі дзён адключаны інтэрнэт.

Паралельна праходзяць і праўладныя выступленні.

Пры гэтым прэзідэнт ЗША Дональд Трамп 12 студзеня заявіў аб намеры ўвесці 25%-е гандлёвыя пошліны ў дачыненні да краін, якія супрацоўнічаюць з Іранам, разглядаецца опцыя ваеннага ўмяшання. Дзярждэпартамэнт ЗША заклікаў сваіх грамадзян пакінуць Іран.

Гл. таксама:

Бяляцкі: Нобелеўская прэмія абараніла мяне

Падзяліцца: