Мінск 13:31

Начальнік Ваеннай акадэміі Беларусі ў найбліжэйшы час наведае М’янму — Мінабароны

Вайсковы парад у М'янме
Архіўнае відэа: MRTV / Стоп-кадр: "Позірк"

15 студзеня, Позірк. Беларусь і М’янма дамовіліся арганізаваць узаемадзеянне па лініі вышэйшых вайсковых устаноў адукацыі, паведаміў начальнік дэпартамента міжнароднай вайсковай супрацы (МВС) — памочнік міністра абароны па пытаннях МВС Валерый Равенка.

Паводле яго інфармацыі, адпаведная дамоўленасць была дасягнутая па выніках наведвання дэлегацыі Мінабароны “нацыянальнага каледжа абароны, дзе навучаецца найвышэйшы афіцэрскі склад УС М’янмы”.

“У найбліжэйшы час чакаецца візіт начальніка ВА РБ [Андрэя Гарбаценкі] у Найп’іда”, — напісаў Равенка на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Беларуская дэлегацыя прыбыла ў М’янму 13 студзеня. У дзень прыбыцця паведамлялася, што “спланаваны шэраг сустрэч з вайсковым кіраўніцтвам дзяржавы па вайсковай і вайскова-тэхнічнай супрацы, у тым ліку, пытаннях эканомікі”.

Тады ж адбылася сустрэча з міністрам абароны М’янмы Маўнг Маўнг Эй, на якой абмяркоўваліся двухбаковыя стасункі. Бакі “выказалі намер” заключыць пагадненне аб двухбаковай вайсковай супрацы “ў рамках будучага візіту кіраўніка абароннага ведамства М’янмы ў Рэспубліку Беларусь”.

Пазней было заяўлена, што Беларусь і М’янма ўзгаднілі план двухбаковай супрацы паміж узброенымі сіламі: “У якасці асноўных мерапрыемстваў разглядаюцца адукацыя, удзел у мерапрыемствах баявой падрыхтоўкі на тэрыторыі РБ, а таксама кантакты па відах забеспячэння”.

14 студзеня адбылася сустрэча прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі з генерал-кватэрмайстарам УС М’янмы Зо М’ё Цін. Па выніках перагавораў “дасягнутая дамоўленасць аб арганізацыі кантактаў прадстаўнікоў прамысловасці РБ з профільнымі падраздзяленнямі м’янманскіх УС”.

Аляксандр Лукашэнка наведваў М’янму напрыканцы лістапада 2025 года.

Падзяліцца: