Мінск 17:08

Праўладныя партыйцы і прапагандысты сабраліся ля амбасады Ірана ў Мінску, каб ушанаваць памяць аяталы Хаменеі

Відэа: Беларускі саюз журналістаў Стоп-кадр: “Позірк”

1 сакавіка, Позірк. “Вядучыя палітычныя і грамадскія сілы Беларусі” сабраліся ля амбасады Ірана ў Мінску, дзе “прынеслі глыбокія спачуванні і выказалі словы салідарнасці і падтрымкі іранскаму народу”, паведамляе праўладны Беларускі саюз журналістаў.

Ля амбасады, як заяўляецца, арганізавана “месца памяці духоўнага лідара аяталы Алі Хаменеі і ўсіх ахвяр амерыкана-ізраільскай агрэсіі, уключаючы дзяцей і жанчын, якія загінулі пад ракетна-бомбавымі ўдарамі”.

“Словы спачування і падтрымкі іранскаму народу праз дыпламатаў ісламскай рэспублікі выказалі прадстаўнікі беларускай партыі “Белая Русь” і Кампартыі, лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі, старшыня і лідары меркаванняў Беларускага саюза журналістаў, экспертнай супольнасці і нацыянальнай блогасферы”, — гаворыцца ў паведамленні.

На апублікаваным відэа паказаны старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч, кіраўнік БСЖ Андрэй Крывашэеў, прапагандысты Рыгор Азаронак, Юрый Васкрасенскі, Людміла Гладкая і інш.

Раніцай 1 сакавіка стала вядома пра гібель Хаменеі ў выніку ўдараў ЗША і Ізраіля. Таксама адзначалася, што загінуў шэраг высокапастаўленых іранскіх чыноўнікаў. Паводле звестак іранскага боку, загінула больш за 100 мірных жыхароў, у тым ліку дзеці.

Аляксандр Лукашэнка і Міністэрства замежных спраў дагэтуль не пракаментавалі гібель Хаменеі.

Публічныя акцыі ў Беларусі рэгулююцца законам “Аб масавых мерапрыемствах”. Згодна з дакументам, такія мерапрыемствы (сход, мітынг, вулічнае шэсце, дэманстрацыя, пікетаванне) магчымыя толькі з дазволу мясцовых уладаў. Пры гэтым, як адзначаецца ў законе, заява на правядзенне мерапрыемства “падаецца ў пісьмовай форме не пазней чым за 15 дзён да меркаванай даты правядзення масавага мерапрыемства”.

За адсутнасць такога дазволу ўлады з 2020 года актыўна пераследуюць грамадзян, якія заяўляюць аб нязгодзе з палітыкай Лукашэнкі. Пры гэтым прыкметамі “пікетавання” ўлады лічаць усё што заўгодна: элементы адзення чырвонага і белага колераў, сімвалы на аватары ў сацсетках, чырвона-белыя колеры ў вокнах дамоў і інш. Такіх грамадзян судзяць паводле арт. 24.23 КаАП (у старой рэдакцыі арт. 23.34) (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) і, як правіла, прыгаворваюць да арышту.

У снежні 2024 года да шасці гадоў пазбаўлення волі быў прыгавораны Дзмітрый Кучук, кіраўнік Беларускай партыі “Зялёныя” (дэ-юрэ ліквідаваная ўладамі ў Мінску). Палітыка прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) Крымінальнага кодэкса.

Партыйны лідар быў затрыманы 16 лютага 2024 года па дарозе да амбасады РФ у Мінску, каля якой хацеў ускласці кветкі і запаліць лампадкі ў памяць пра памерлага ў калоніі расійскага палітыка Аляксея Навальнага.

Быў вызвалены 11 верасня 2025 года і разам з іншымі экс-палітвязнямі гвалтоўна вывезены ў Літву.

Падзяліцца: