Мінск 23:43

Лукашэнка больш чым праз суткі выказаў спачуванні ў сувязі з гібеллю вярхоўнага лідара Ірана

Сцяг Ірана
Фота: Sina Drakhshani / unsplash.com

2 сакавіка, Позірк. Аб накіраванні Аляксандрам Лукашэнкам спачуванняў прэзідэнту Ірана Масуду Пезешкіяну ў сувязі з гібеллю вярхоўнага лідара краіны Алі Хаменеі паведаміла 2 сакавіка прэс-служба беларускага палітыка.

Спачуванне перадаў амбасадару Ірана ў Беларусі Аліразе Санеі першы намеснік міністра замежных спраў Сяргей Лукашэвіч.

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, у Беларусі “з глыбокім болем і смуткам успрынялі трагічную навіну аб гібелі вярхоўнага лідара Ісламскай Рэспублікі Іран Алі Хаменеі ў выніку вераломнай атакі“.

Аўтар спачуванняў лічыць, што Хаменеі “на працягу дзесяцігоддзяў служыў народу, нязменна кіруючыся вернасцю традыцыям і адказнасцю перад будучымі пакаленнямі“, пры гэтым “сваёй мудрасцю і дальнабачнасцю атрымаў высокае прызнанне і карыстаўся заслужаным аўтарытэтам далёка за межамі дзяржавы“.

“Духоўны лідар застаўся верным свайму народу да апошняга ўздыху і мужна прыняў пакутніцкую смерць, адстойваючы суверэнітэт і незалежнасць Ірана“, — адзначыў Лукашэнка, які лічыць, што “памяць аб Алі Хаменеі, яго служэнні краіне захаваецца ў сэрцах мільёнаў людзей“, а яго жыццёвы шлях застанецца часткай нацыянальнай спадчыны Ірана і важнай старонкай сусветнай гісторыі“.

Пры гэтым палітык адзначыў, што “меў гонар сустракацца з гэтым выбітным дзяржаўным дзеячам (у 1998, 2006 і 2023 гадах. — Позірк.), які зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Іранам і Беларуссю“.

Пра тое, што Хаменеі загінуў у сваёй рэзідэнцыі падчас удараў ЗША і Ізраіля, нанесеных 28 лютага, стала вядома раніцай 1 сакавіка. Паведамлялася, што загінулі таксама дачка, зяць, унук і адна з нявестак Хаменеі. 2 сакавіка стала вядома пра смерць ад атрыманых раненняў жонкі Алі Хаменеі.

У Іране абвешчаная 40-дзённая жалоба.

Раніцай 1 сакавіка спачуванні “ў сувязі з забойствам вярхоўнага кіраўніка Ісламскай Рэспублікі Іран Сейеда Алі Хаменеі і членаў яго сям’і, здзейсненым з цынічным парушэннем усіх нормаў чалавечай маралі і міжнароднага права“ выказаў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.

2 сакавіка стала вядома аб накіраванні спачуванняў у сувязі з гібеллю Хаменеі таксама лідарамі Азербайджана, Арменіі, Таджыкістана і Узбекістана. Таксама спачуванні накіравалі кіраўніцтва Ірака (аб’яўлена трохдзённая жалоба), Малайзіі, Пакістана і іншых краін.

1 сакавіка беларускія праўладныя партыйцы (дзейнасць астатніх забароненая) і прапагандысты сабраліся ля амбасады Ірана ў Мінску, каб ушанаваць памяць аяталы. Ці была акцыя санкцыянаваная Мінгарвыканкамам, невядома.

Падзяліцца: