На выпадак канфлікту на заходнім напрамку АДКБ Расіі мае мець “ядро ўзброеных сіл” у Беларусі, заяўляе Лукашэнка

6 красавіка, Позірк. Расія з’яўляецца “цэнтральным звяном” у Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), заявіў Аляксандр Лукашэнка 6 красавіка ў Мінску на сустрэчы з генеральным сакратаром АДКБ Таалатбекам Масадыкавым.
“І ўсім трэба цудоўна разумець, што, напрыклад, на заходнім напрамку асноўным звяном АДКБ, натуральна, з’яўляецца Беларусь, — цытуе спікера яго прэс-служба. — І крый божа нейкі канфлікт на гэтым напрамку, Расія заўсёды мае мець тут ядро ўзброеных сіл, якія падключацца да дзеянняў беларускага войска, каб абараніць нашу прастору. На поўдні, вядома, давядзецца напружвацца і вам (Кыргызстану, прадстаўніком якога з’яўляецца Масадыкаў. — “Позірк”.), і Казахстану. Абавязкова. Бо гэта паўднёвы кірунак і, зноў жа, Расея будзе вас падтрымліваць. І падпіраць, як вайскоўцы кажуць”.
У гэтым кантэксце Лукашэнка нагадаў пра “паспяховы досвед” міратворчай аперацыі ў Казахстане ў студзені 2022 года, праведзенай, “каб не даць магчымасці падарваць абстаноўку ў гэтай краіне”.
Як паведамляў “Позірк”, на пачатку 2022 года праз сацыяльна-эканамічныя цяжкасці Казахстан ахапілі масавыя пратэсты, якія хутка набылі палітычны характар. Здушыць іх дапамаглі сілы АДКБ, у тым ліку беларускі кантынгент. На фоне пратэстаў казахстанскі прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў паспяхова завяршыў працэс адхілення ад улады былога кіраўніка дзяржавы Нурсултана Назарбаева, які да тае пары захоўваў за сабой шэраг ключавых пасадаў.
На цяперашняй сустрэчы ў Мінску Лукашэнка заявіў Масадыкаву, што “выдатна разумее” — калі ў Беларусі адбудзецца “раптам нейкі канфлікт”, то “сваімі ўзброенымі сіламі на 100% Кыргызстан не будзе ўключацца і не ўключыцца”. На яго думку, “можа быць, і не трэба”.
“Але ўпэўнены, што і падтрымка палітычная будзе, і ваенная ў нейкай ступені. Ну і наадварот, — сказаў ён. — Таму я і казаў пра тое, што цэнтральным звяном мае быць у нас Расійская Федэрацыя, яе ўзброеныя сілы. Гэта натуральна. У нас большасць зброі савецкая, вырабляецца ў Расійскай Федэрацыі. Тактыка ў нас аднолькавая — постсавецкіх рэспублік. Таму абараняцца нам давядзецца разам. Маючы на ўвазе, што на галоўных кірунках будуць дзейнічаць тыя дзяржавы, якія знаходзяцца на гэтых кірунках. Такая была філасофія прапанаваная. Жыццё паказала, што менавіта ў такім ключы мы і будзем дзейнічаць”.
У якасці прыкладу Лукашэнка прывёў супрацу Беларусі і РФ у “пытанні гарантавання бяспекі і абароны”, а таксама “аказаную ў гэтым плане падтрымку”.
“Думаю, што ў гэтым плане мы будзем дзейнічаць і надалей. Хоць я не выключаю, што можа скласціся такая сітуацыя, што мы ўсе разам плячо ў плячо з ўсімі нашымі ўзброенымі сіламі і ўзбраеннямі будзем абараняць нашу прастору, на якой павінна функцыянаваць наша арганізацыя”, — адзначыў спікер.
Праблемным пытаннем у АДКБ Лукашэнка назваў сітуацыю з Арменіяй: “Нам трэба быць больш карэктнымі і акуратнымі ў працы з Арменіяй. Вы ведаеце, што Арменія быццам бы і не падтрымлівае працу ў АДКБ, але ў той жа час застаецца ў арганізацыі. Трэба быць вельмі карэктнымі. У Арменіі складаная сітуацыя ў гэтым плане, асабліва ў электаральны перыяд (парламенцкія выбары запланаваныя на лета 2026 года. — “Позірк”.). Вельмі няпростая сытуацыя. Таму нам трэба быць вельмі акуратнымі і асцярожнымі ў стасунках з Арменіяй”.
Палітык лічыць важным арганізацыю сустрэч на ўзроўні генсакратара АДКБ і армянскага кіраўніцтва. “Асабліва цяпер, у гэты востры электаральны перыяд, калі кіраўніцтва Арменіі будзе сумленна і адкрыта казаць пра сітуацыю, у тым ліку і на трэку АДКБ. <…> Калі б вы пабывалі там і пагаварылі і з прэм’ер-міністрам, і з прэзідэнтам, з сакратаром Савета бяспекі Арменіі, даведаліся б іх пазіцыю на будучыню, было б няблага”, — прапанаваў Лукашэнка.
У АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. Армянскія ўлады замарозілі ўдзел краіны ў арганізацыі і заявілі пра магчымы выхад з блока. Ерэван абвінаваціў арганізацыю ў бяздзейнасці падчас карабахскага канфлікту з Азербайджанам, а асобных членаў — у тым, што яны “планавалі вайну” супраць Арменіі разам з Баку. Акрамя таго, прадстаўнікі ўладаў Арменіі заявілі, што могуць разглядзець магчымасць выхаду з АДКБ і Еўразійскага эканамічнага саюза, калі Расія падвысіць для краіны цэны на газ.
Лукашэнка і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у рамках пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы 6 снежня 2024 года ў Мінску падпісалі дагавор аб гарантыях бяспекі. Прэзідэнт РФ тады заявіў, што дакумент “вызначае ўзаемныя саюзніцкія абавязацельствы па забеспячэнні абароны, абароне суверэнітэту, незалежнасці і канстытуцыйнага ладу” дзвюх краін. Паводле яго слоў, таксама гаворка ідзе пра “цэласнасць і недатыкальнасць тэрыторыі і знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы, прычым з задзейнічаннем усіх існых сіл і сродкаў”.
Пуцін тады ў чарговы раз нагадаў, што “гаворка ў тым ліку ідзе і пра расійскую тактычную ядзерную зброю”, размешчаную, як было заяўлена, “на прапанову” Лукашэнкі на тэрыторыі Беларусі. Ён зноў паўтарыў тэзу пра магчымасць выкарыстання ТЯЗ “у абарончых мэтах у адказ на магчымы напад з прымяненнем зброі масавага паражэння або пры адбіцці агрэсіі з прымяненнем звычайнай зброі, але той, што стварае крытычную пагрозу для суверэнітэту або тэрытарыяльнай цэласнасці”.
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ Латвіі абноўлены сутачны рэкорд спыненых у 2026 годзе спробаў парушэння мяжы з тэрыторыі Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 6 красавіка — 6 чэрвеня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаЛатвія 10 дзён запар фіксуе спробы мігрантаў незаконна перасекчы мяжу з тэрыторыі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка



