Кітай і Расія выратавалі Беларусь ад заходніх санкцый, заяўляе Лукашэнка

18 красавіка, Позірк. Кантакты Мінска з Вашынгтонам не скіраваныя супраць Масквы і Пекіна, заявіў Аляксандр Лукашэнка 17 красавіка ў інтэрв’ю амерыканска-кубінскаму журналісту Рыку Санчэсу для падкантрольнага Расіі міжнароднага тэлеканала RT.
“Слухайце, вы заўсёды і нас, і Украіну, і іншыя постсавецкія рэспублікі правакавалі супраць Расіі, вы заўсёды правакавалі, — сказаў ён (паводле відэафрагмента ў неафіцыйным тэлеграм-канале яго прэс-службы). І [украінскі прэзідэнт] Валодзя Зяленскі што-што, а гэта ведаў. Ведаў, і я таксама ведаў і ведаю зараз. Слухайце, калі мяне ў Расіі нехта папракае, што я вяду перагаворы з амерыканцамі, я магу ім задаць пытанне: “А вы што, не вядзеце з амерыканцамі дыялог?” Вядзеце. Але я вяду дыялог з амерыканцамі не супраць Расіі, не супраць Кітая”.
“На першай сустрэчы я ім (перагаворшчыкам з адміністрацыі амерыканскага прэзідэнта ў Мінску. — “Позірк”.) сказаў: “Хлопцы, Расія і Кітай — гэта даўнія нашы… не проста партнёры, гэта нашы сябры”. І калі вы ўводзілі супраць нас санкцыі (амерыканцы і еўрапейцы), Кітай і Расія адчынілі нам дзверы, і мы за кошт гэтага фактычна былі выратаваныя. Чаму я мушу сёння супраць іх весці нейкі дыялог і нейкую палітыку?”, — дадаў Лукашэнка.
Спікер нагадаў, што беларускія ўлады “юрыдычна з Расіяй падпісалі дагавор аб саюзніцтве — самы шчыльны дагавор”: “Спрабуем выбудаваць нейкую Саюзную дзяржаву, ідзём як па тонкім лёдзе, нечага спрабуем рабіць. Што, амерыканцы і Захад гэта не ведалі? Ведалі. І я свята выконваю гэты дагавор”.
У той жа час, паводле яго слоў, “шматвектарная палітыка” Беларусі “вынікае з эканомікі”: “Разумееце, мы вырабляем… больш за палову вырабляем матэрыяльных сродкаў, паслуг і прадаем на знешніх рынках”.
“У нас адкрытая эканоміка, таму мы вымушаныя свае інтарэсы бачыць на Захадзе, у Расіі, Кітаі і ў Афрыцы (туды, куды ўсе ідуць — і Расія, і амерыканцы), — заявіў Лукашэнка. — Гэта наш інтарэс, для таго каб, як я вось нядаўна сказаў, жыць. Не выжываць, а жыць. Гэта наш інтарэс, ён вынікае з жыцця. За што нас папракаць? Няма за што”.
“А рэальная палітыка Захаду нам даўно вядомая. Якія б са мной перагаворы Захад ні вёў, я цудоўна разумею, што я не іх сукін сын. Яны з задавальненнем мяне перажуюць і выплюнуць. Я гэта цудоўна разумею. Але і ў такой сітуацыі — не таму што я Лукашэнка, а таму што я прэзідэнт гэтай краіны, гэтага беларускага народа — я вымушаны і павінен зыходзіць з інтарэсаў народа, а не ўласных інтарэсаў”, — сцвярджае палітык.
Дэмакратычныя краіны ўвялі ў дачыненні да Беларусі мноства санкцый, у тым ліку эканамічных. Абмежавальныя меры ўводзіліся за фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе і жорсткае падаўленне пратэстаў, што распачаліся пасля іх, прымусовую пасадку самалёта Ryanair, штучна створаны міграцыйны крызіс на мяжы з краінамі ЕС, дапамогу Расіі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны.
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 16–17 красавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- ЭканомікаУ першым квартале 2026 года беларусы атрымалі з-за мяжы ў 1,5 раза больш сродкаў, чым адправілі — НацбанкМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка



