Мінск 19:14

Эколагі і праваабаронцы заклікалі ўлады ў Мінску вярнуць Беларусі бяз’ядзерны статус

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

26 красавіка, Позірк. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС як “факт і катастрофа, якая працягваецца”, не губляе актуальнасці “на фоне новых войнаў”, аднак “маштаб і тысячагадовая працягласць” наступстваў трагедыі “пераўзыходзяць сацыяльныя ўзрушэнні і войны — за выключэннем, магчыма, глабальнага ядзернага канфлікту”. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве экалагічных і праваабарончых арганізацый, апублікаванай 26 красавіка з нагоды 40-гадовай гадавіны аварыі на ЧАЭС.

У заяве падкрэсліваецца “ўсё большая рызыка новых радыяцыйных катастроф падобнага маштабу”. У сувязі з гэтым аўтары заклікаюць “міжнародную супольнасць, урады і грамадзян зрабіць усё магчымае, каб іх не дапусціць”.

У прыватнасці, у заяве ўтрымліваюцца заклікі “спыніць распаўсюджванне міфаў аб атамнай энергетыцы як бяспечнай і кліматычна сяброўскай, а аб ядзернай зброі — як аб эфектыўным стрымліванні”.

Таксама аўтары заклікаюць “рэабілітаваць Чарнобыльскую памяць, аддаючы ёй належнае не толькі ў гэты дзень”.

Заяўляецца таксама аб неабходнасці “пераасэнсаваць палітыку ў дачыненні да наступстваў Чарнобыля”. На думку праваабаронцаў і эколагаў, толькі “сумесныя, паслядоўныя і адэкватныя дзеянні на аснове навуковых даных могуць знізіць рызыкі для цяперашняга і будучых пакаленняў”.

Акрамя гэтага, аўтары заклікаюць “выключыць атамную энергетыку з “зялёных” парадкаў дня і планаў нават у кароткатэрміновай перспектыве”, прыняць тэрміновыя меры па “абароне дзеючых АЭС у зоне рызыкі ад ваенных нападаў”, распрацаваць і рэалізаваць “ўстойлівыя бяз’ядзерныя энергетычныя стратэгіі на аснове дэцэнтралізацыі і ўзнаўляльных крыніц” і інш.

Да ўладаў у Мінску праваабаронцы і эколагі звярнуліся з заклікам “вярнуць грамадзянам права на інфармацыю аб забруджванні навакольнага асяроддзя”, аднавіць “маніторынг і даследаванні, супрацоўніцтва з незалежнымі і міжнароднымі экспэртамі”, спыніць “засяленне і гаспадарчае выкарыстанне забруджаных тэрыторый, аднавіць сацыяльную абарону ліквідатараў і пацярпелых, скасаваную ў 2010–2025 гадах”.

Таксама ў заяве гаворыцца пра неабходнасць “вярнуць Беларусі бяз’ядзерны нейтральны статус”, разглядаць размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі як “парушэнне прынцыпаў калектыўнай бяспекі” і інш.

Заяву падпісалі арганізацыі “Зялёная Беларусь”, “Экадом”, “Зялёная сетка”, “Дапамога”, “Краіна для жыцця”, Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, “Разам”, а таксама Беларуская партыя “Зялёныя”, Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД).

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў у сваім тэлеграм-канале Чарнобыльскую аварыю “адной з найбуйнейшых ядзерных катастроф”.

У сваёй публікацыі ўкраінскі лідар падкрэсліў важнасць ядзернай бяспекі ў рэгіёне. Ён звярнуў увагу, што Расія “сваёй вайной” на тэрыторыі Украіны “зноў ставіць мір на мяжу тэхнагеннай аварыі: расійска-іранскія беспілотнікі ўвесь час пралятаюць над станцыяй, а адзін з іх летась ударыў па ахоўным саркафагу”.

“Свет не павінен дапусціць, каб гэты ядзерны тэрарызм працягваўся, і лепшы спосаб — гэта прымусіць Расію спыніць свае вар’яцкія атакі”, — адзначыў Зяленскі.

Заяву ў сувязі з 40-годдзем аварыі апублікаваў 26 красавіка Фонд імя Конрада Адэнаўэра — палітычны фонд Германіі, які рэалізуе праграмы і праекты, накіраваныя на актывізуцыю міжнароднага супрацоўніцтва.

“Катастрофа забрала жыцці і паўплывала на здароўе і лёсы мільёнаў беларускіх сем’яў. Памяць аб гэтых падзеях застаецца важным і па гэты дзень”, — адзначае фонд.

Адметна, што з заявай на тэму Чарнобыльскай аварыі выступіў таксама прэзідэнт Пакістана Асіф Алі Зардары. У сацыяльнай сетцы X ён заявіў аб прыхільнасці сваёй краіны, якая валодае ядзернай зброяй, “найвышэйшым стандартам ядзернай бяспекі” і падкрэсліў, што “кошт памылак у гэтай сферы кладзецца на цэлыя пакаленні”.

26 красавіка 1986 года ў 1:23, адбылася найбуйнейшая ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа — аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Нягледзячы на тое што атамная станцыя размешчаная ва Украіне, больш за 70% усіх радыенуклідаў, якія выпалі ў выніку разбурэння рэактара, асела ў Беларусі.

Гл. таксама:

40 гадоў трагедыі. Як Лукашэнка “надаваў па мардасах” Чарнобылю

Ціханоўская: Чарнобыль паказаў, да чаго вядзе безадказнасць уладаў

У заяве з нагоды 40-годдзя Чарнобыльскай катастрофы АПК заклікаў вывезці з Беларусі расійскую ядзерную зброю

ЕС і Дзярждэп ЗША заявілі ў дзень 40-годдзя Чарнобыльскай аварыі пра важнасць ядзернай бяспекі

Падзяліцца: