Мінск 21:10

МЗС заявіла пра гатоўнасць Беларусі да “канструктыўнага дыялогу” з сусветнай супольнасцю па чарнобыльскай тэматыцы

26 красавіка, Позірк. Пра гатоўнасць Беларусі да “канструктыўнага дыялогу” з сусветнай супольнасцю па чарнобыльскай тэматыцы заявіла Міністэрства замежных спраў 26 красавіка з нагоды 40-годдзя аварыі на ЧАЭС.

Ведамства падкрэсліла, што Беларусь валодае “каласальным патэнцыялам спадчыны Чарнобыля ў кантэксце міжнароднага супрацоўніцтва”.

Адзначаецца, што Беларусь “прыняла на сябе асноўны радыяцыйны ўдар” падчас і пасля аварыі на станцыі і “за дзесяцігоддзі назапасіла ўнікальны досвед рэабілітацыі тэрыторый і развіцця медыцыны”.

“У гэты дзень мы шануем памяць ахвяр трагедыі і дзякуем ліквідатарам, чый гераізм і вернасць абавязку дазволілі лакалізаваць наступствы аварыі”, — гаворыцца ў паведамленні.

МЗС заявіла, што ў Беларусі рэалізавана шэсць дзяржпраграм па аднаўленні пацярпелых рэгіёнаў, цяпер дзейнічае праграма “Інфраструктура бяспекі насельніцтва”, разлічаная на 2026–2030 гады.

“Створаныя сетка з больш за 500 лабараторый радыяцыйнага кантролю прадукцыі і Палескі радыяцыйна‑экалагічны запаведнік”, — адзначаецца ў рэлізе.

Паводле сцвярджэння ведамства, “практычныя вынікі шматгадовай працы заўважныя”: “Плошча забруджанай цэзіем‑137 і стронцыем‑90 тэрыторыі скарацілася амаль у два разы. Да нармальных умоў жыцця вернута 1657 населеных пунктаў”.

Аляксандр Лукашэнка пакуль не рабіў заяваў у сувязі з 40-годдзем Чарнобыльскай катастрофы.

За 2025 год колькасць людзей, якія пражываюць на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях, зменшылася мінімум на 8 тыс., вынікае са слоў намесніка начальніка Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд) Леаніда Дзедуля.

У 1986 годзе ў Беларусі было заражана радыенуклідамі больш за 3.500 населеных пунктаў з насельніцтвам 2,2 млн чалавек, на 1 студзеня 2026-га — 2.013 і 922 тыс. адпаведна, паведаміў Дзедуль 23 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

На 1 студзеня 2025 года ў зонах радыеактыўнага забруджвання знаходзілася 2.016 населеных пунктаў у Гомельскай, Магілёўскай, Мінскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, дзе пражывала больш за 930 тыс. чалавек, у тым ліку 181 тыс. дзяцей ва ўзросце да 17 гадоў.

26 красавіка 1986 года ў 1:23, адбылася найбуйнейшая ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа — аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Нягледзячы на тое што атамная станцыя размешчана ва Украіне, больш за 70% усіх радыенуклідаў, якія выпалі ў выніку разбурэння рэактара, асела ў Беларусі.

Падзяліцца: