Мінск 14:27

Беларускім баксёрам і пяціборцам дазволена ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах з дзяржсімволікай

Фота: world-sport.org

12 траўня, Позірк. Аб зняцці абмежаванняў з беларускіх спартсменаў у частцы спаборніцтваў пад сваёй эгідай паведамілі 12 траўня арганізацыя Word Boxing (па сутнасці — Сусветная федэрацыя бокса) і Міжнародны саюз сучаснага пяцібор’я (UIPM).

У заяве Word Boxing адзначаецца, што да беларускіх баксёраў, трэнераў, дапаможнага персаналу і афіцыйных асоб больш не будзе прымяняцца працэдура AIN — Athlètes Individuels Neutres (франц. “Індывідуальныя нейтральныя спартсмены”), пра якую федэрацыя паведамляла 29 красавіка.

Адпаведна, яны “могуць удзельнічаць у спаборніцтвах World Boxing на тых жа ўмовах, што і іншыя нацыянальныя федэрацыі — члены арганізацыі”.

Сцвярджаецца, што гэты крок “рушыў услед за нядаўняй рэкамендацыяй выканкама Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК), згодна з якой абмежаванні AIN, якія дзейнічалі ў дачыненні да Беларусі, павінны быць знятыя, а яе спартсменам варта дазволіць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах пад уласным сцягам“.

World Boxing адзначае, што “працэдура AIN працягне прымяняцца да Расіі”. “Гэта азначае, што расійскім дэлегацыям не будзе дазволена ўдзельнічаць з нацыянальнымі сцягамі, формай ці гімнамі, і ім давядзецца прайсці дэталёвую праверку, каб атрымаць магчымасць удзельнічаць у спаборніцтвах World Boxing“, — гаворыцца ў паведамленні.

“Зняцце абмежаванняў з Беларусі ўступае ў сілу неадкладна і азначае, што краіна цяпер можа без абмежаванняў ўдзельнічаць ва ўсіх міжнародных спаборніцтвах, якія арганізуюцца World Boxing, яе еўрапейскай кантынентальнай канфедэрацыяй European Boxing, а таксама ў міжнародных спаборніцтвах, якія арганізуюцца нацыянальнымі федэрацыямі — членамі World Boxing“, — падкрэсліваецца ў прэс-рэлізе арганізацыі.

UIPM у сваю чаргу адзначае, што Беларуская федэрацыя сучаснага пяцібор’я зможа накіроўваць “цалкам нацыянальныя каманды” на спаборніцтвы, пачынаючы з этапу Кубка свету-2026 у Будапешце, які пройдзе 9–13 чэрвеня. Беларусь таксама зможа “прэтэндаваць на камандныя медалі і ўдзельнічаць у эстафетах на чэмпіянатах свету ва ўсіх узроставых катэгорыях пазней сёлета“, адзначылі ў арганізацыі.

Разам з тым, звяртаецца ўвага, “сістэма AIN для беларускіх спартсменаў будзе прыменена яшчэ адзін раз падчас этапу Кубка свету UIPM 2026 у Пазарджыку“ (Балгарыя, стартуе 13 траўня).

Пры гэтым у сучасным пяцібор’і абмежаванні для расійскіх спартсменаў таксама пакінутыя ў сіле.

Варта адзначыць, што рашэнне МАК ад 7 траўня, на якое спаслаліся абедзве згаданыя арганізацыі, носіць рэкамендацыйны характар, і шэраг спартыўных федэрацый заявілі аб захаванні абмежаванняў у дачыненні да беларускіх спартсменаў.

7 траўня выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) заявіў, што “больш не рэкамендуе якія-небудзь абмежаванні на ўдзел беларускіх спартсменаў, уключаючы каманды, у спаборніцтвах, якія праводзяцца міжнароднымі федэрацыямі і арганізатарамі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў“.

Адзначалася, што МАК “адмяніў рэкамендаваныя ўмовы ўдзелу для міжнародных федэрацый і арганізатараў міжнародных спартыўных мерапрыемстваў ад 28 лютага 2022 года і 28 сакавіка 2023 года ў той частцы, якая тычыцца Беларусі і беларускіх спартсменаў“.

Сярод іншага МАК пацвердзіў, што “ўдзел спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах не павінен абмяжоўвацца дзеяннямі іх урадаў, уключаючы ўдзел у вайне або канфлікце”.

Пасля гэтага Сусветная арганізацыя лёгкай атлетыкі (World Athletics) заявіла, што пакінула ў сіле адхіленне беларускіх спартсменаў ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай, а Міжнародная федэрацыя тэніса (МФТ) пацвердзіла, што заява МАК аб допуску беларускіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў “не мяняе існую пазіцыю МФТ у дачыненні да дыскваліфікацыі тэнісных федэрацый Беларусі і Расіі, якая застаецца ў сіле”.

28 лютага 2022 года, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны, МАК заклікаў міжнародныя спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

28 сакавіка 2023 года МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў, без адпаведнай дзяржаўнай сімволікі.

Падзяліцца: