Мінск 19:07

Скасаваныя абмежаванні па выступленні беларускіх гімнастаў на міжнароднай арэне

Ілюстрацыйнае фота: rgolympic.by

18 траўня, Позірк. Пра зняццё ўсіх абмежаванняў з беларускіх і расійскіх гімнастаў паведаміла 18 траўня Міжнародная федэрацыя гімнастыкі (World Gymnastics).

Рашэнне прынятае па выніках пасяджэння выканаўчага камітэта федэрацыі, якое адбылося 16–17 траўня ў Шарм-эш-Шэйху (Егіпет).

“Выканкам прыняў рашэнне зняць усе абмежаванні, якія прымяняліся да расійскіх і беларускіх спартсменаў з лютага 2022 года, з неадкладным уступленнем рашэння ў дзеянне. У сувязі з гэтым адмысловыя правілы Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі, прынятыя ў экстраным парадку (Ad-Hoc rules), больш не дзейнічаюць”, — гаворыцца ў паведамленні на старонцы федэрацыі.

Беларуская асацыяцыя гімнастыкі (БАГ), каментуючы рашэнне World Gymnastics, адзначыла, што яно “прынятае на аснове рэкамендацый МАК ад 7 траўня 2026 года і набывае моц неадкладна”, “гэта тычыцца прадстаўнікоў усіх гімнастычных дысцыплін ва ўсіх узроставых катэгорыях”.

“Нашыя спартсмены нязменна заваёўваюць узнагароды на найбуйнейшых міжнародных стартах: Алімпійскіх гульнях, чэмпіянатах свету і Еўропы. Цяпер беларусы атрымалі законнае права перамагаць са сваімі нацыянальнымі сімваламі”, — гаворыцца ў заяве БАГ.

7 траўня выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) заявіў, што “больш не рэкамендуе якія-небудзь абмежаванні на ўдзел беларускіх спартсменаў, уключаючы каманды, у спаборніцтвах, якія праводзяцца міжнароднымі федэрацыямі і арганізатарамі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў”.

Адзначалася, што МАК “скасаваў рэкамендаваныя ўмовы ўдзелу для міжнародных федэрацый і арганізатараў міжнародных спартыўных мерапрыемстваў ад 28 лютага 2022 года і 28 сакавіка 2023 года ў той частцы, якая тычыцца Беларусі і беларускіх спартсменаў”.

Выканкам МАК удакладніў, што яго рашэнне не распаўсюджваецца на спартсменаў з расійскім пашпартам: Алімпійскі камітэт Расіі “застаецца адхіленым, пакуль юрыдычная камісія МАК працягвае разгляд гэтага пытання”.

Сярод іншага МАК пацвердзіў, што “ўдзел спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах не мае абмяжоўвацца дзеяннямі іх урадаў, у тым ліку ўдзел у вайне або канфлікце”.

Пасля гэтага Сусветная арганізацыя лёгкай атлетыкі (World Athletics) заявіла, што пакінула ў сіле адхіленне беларускіх спартсменаў ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай, а Міжнародная федэрацыя тэніса (МФТ) пацвердзіла, што заява МАК пра допуск беларускіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў “не мяняе існай пазіцыі МФТ у дачыненні да дыскваліфікацыі тэнісных федэрацый Беларусі і Расіі, якая застаецца ў дзеянні”.

12 траўня стала вядома, што дазвол удзельнічаць у міжнародных стартах атрымалі беларускія баксёры і пяціборцы, 13 траўня — валейбалісты.

28 лютага 2022 года, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны, МАК заклікаў міжнародныя спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

28 сакавіка 2023 года МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў, без адпаведнай дзяржаўнай сімволікі.

Пасля гэтага на Алімпійскіх гульнях 2024 года беларускія гімнасты, якія выступалі ў нейтральным статусе, выйгралі два медалі ў спаборніцтвах па скоках на батуце: залаты (Іван Літвіновіч) і срэбны (Віялета Бардзілоўская).

Падзяліцца: