Мінск 11:46

За два гады на ўкраінскіх пляцоўках анлайн-гандлю забаронены продаж больш як 10,5 тыс. найменняў кніг з РФ і Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com / magnific.com

8 чэрвеня, Позірк. За два гады больш як 10,5 тыс. найменняў прадукцыі, выдадзенай у Расіі і Беларусі, трапіла пад забарону на продаж на розных украінскіх інтэрнэт-пляцоўках, вынікае з апублікаванага на пачатку чэрвеня 2026-га паведамлення Дзяржаўнага камітэта тэлебачання і радыёвяшчання (Дзяржкамтэлерадыё) Украіны.

Рэгулятар адзначыў, што гэтая колькасць — “ад пачатку 2024 года”. Разам з тым са справаздачы Дзяржкамтэлерадыё па выніках 2025-га вынікала, што адпаведная дзейнасць пачалася ў траўні 2024 года.

Паводле інфармацыі ведамства, сёлета ў траўні былі выяўлены факты “анлайн-продажу больш як 150 найменняў выданняў, выпушчаных выдавецтвамі дзяржавы-агрэсара і Рэспублікі Беларусь”. Імі гандлявалі інтэрнэт-крамы “Дыямант”, Market Retail і Psybooks на маркетплейсах ROZETKA.UA і Prom.ua.

“Дзякуючы ўзаемадзеянню з адміністрацыямі названых анлайн-пляцовак выяўленыя таварныя пазіцыі былі аператыўна выдаленыя, — гаворыцца ў паведамленні. — Суб’ектам электроннай камерцыі, якія размясцілі забароненыя тавары на маркетплейсах, накіраваныя папярэджанні пра недапушчальнасць ажыццяўлення дзейнасці ў выдавецкай сферы з парушэннем патрабаванняў ўкраінскага заканадаўства”.

Якая доля кніг з Беларусі, не ўдакладняецца.

У чэрвені 2023 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў закон “Аб унясенні змяненняў у некаторыя законы Украіны аб усталяванні абмежаванняў на ўвоз і распаўсюд выдавецкай прадукцыі, якая тычыцца дзяржавы-агрэсара, Рэспублікі Беларусь, часова акупаванай тэрыторыі Украіны”. Палажэнні дакумента былі імплементаваныя ў арт. 281 закона “Аб выдавецкай справе”, на якую спасылаецца Дзяржкамтэлерадыё.

Сярод іншага Дзяржкамітэт тэлебачання і радыёвяшчання Украіны вядзе “маніторынг выдавецкай сферы дзяржавы-агрэсара, Рэспублікі Беларусь і часова акупаваных тэрыторый Украіны” на прадмет выпуску “антыўкраінскай выдавецкай прадукцыі”. Звесткі пра такую прадукцыю ўносяцца ў “пералік кніжных выданняў, змест якіх скіраваны на ліквідацыю незалежнасці Украіны, прапаганду гвалту, распальванне міжэтнічнай, расавай, рэлігійнай варожасці, здзяйсненне тэрарыстычных актаў, замах на правы і свабоды чалавека”.

На 14 траўня 2026 года ў гэтым спісе фігуравала 677 выданняў, але, паводле праведзенага Позіркам аналізу, аніводнага з Беларусі. У самой Украіне выдадзена 7; сумесна ў РФ і Украіне — 2; у “асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей” і “часова акупаванай тэрыторыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым” — па 4; у Італіі, Францыі, Швейцарыі і на “часова акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласці” — па 1; у Расіі — 656.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю 24 лютага 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: