Мінск 14:05

Пасля забойства мастака Скрэпецкага ў Бяла-Падлясцы затрыманыя двое беларусаў, правяраецца іх сувязь са здарэннем

Мастак Сямён Скрэпецкі (Роберт Кузаўкоў)
Архіўнае відэа: ютуб-канал Скрэпецкага / стоп-кадр: "Позірк"

16 чэрвеня, Позірк. Пасля забойства 44-гадовага расійскага мастака Сямёна Скрэпецкага (сапраўднае імя — Роберт Кузаўкоў), якое адбылося напярэдадні ў польскім горадзе Бяла-Падляска, затрыманыя двое беларусаў, вынікае з паведамлення акруговай пракуратуры ў Любліне.

Паводле інфармацыі ведамства, забойства адбылося 15 чэрвеня паміж 9:45 і 9:50 “на ўнутранай паркоўцы і ходніку побач з месцам жыхарства пацярпелага па адрасе вул. Каралевы Ядвігі, 3”.

“Згодна з наяўнымі на гэты момант звесткамі, да 44-гадовага мужчыны, які знаходзіўся там, падышоў невысветлены мужчына і зрабіў у яго бок два стрэлы з кароткаствольнай агнястрэльнай зброі, — гаворыцца ў паведамленні. — Калі пацярпелы ўпаў на зямлю, злачынец падышоў бліжэй, зрабіў яшчэ тры стрэлы, пасля чаго паспешна пакінуў месца здарэння”.

Мужчына памёр там жа. Пры першасным аглядзе цела праваахоўнікі зафіксавалі “сем агнястрэльных раненняў у верхняй пярэдняй і задняй частцы тулава (у тым ліку раненні ў галіне галавы, грудной клеткі і спіны), з якіх пяць былі вызначаныя як уваходныя раненні, а два — як выхадныя”. На месцы злачынства сярод іншага вынята пяць гільзаў і адна куля калібра 9 мм LUGER GEC. Ускрыццё прызначанае на 17 чэрвеня.

“Непасрэдна пасля паведамлення пра забойства начальнік гарадской паліцыі ў Бяла-Падлясцы абвясціў трывогу для ўсяго асабовага складу падраздзялення, — паведаміла пракуратура. — Да мерапрыемстваў былі прыцягнутыя супрацоўнікі падраздзяленняў прэвентыўнай, дарожнай і крымінальнай паліцыі”.

“У выніку праведзеных дзеянняў у раёне консульства Рэспублікі Беларусь у Бяла-Падлясцы паліцэйскія затрымалі двух грамадзян Беларусі ва ўзросце 37 і 33 гадоў. Іх роля ў гэтым здарэнні правяраецца”, — гаворыцца ў паведамленні.

Дапытаныя першыя сведкі, сабраны “шырокі доказны матэрыял, які цяпер аналізуецца”. Па справе будзе сфармаваная адмысловая група. Пракуратура пакуль устрымаецца ад прадстаўлення “следчых версій” таго, што адбылося.

Скрэпецкі вядомы сваёй публічнай крытыкай расійскіх уладаў, у першую чаргу прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава, у тым ліку праз сваю творчасць.

Падзяліцца: