Мінск 17:40

Двое мужчын патанулі ў азёрах пад Гроднам і Полацкам, адзін з загінулых — вядомы мінскі ўрач

Меркаванае месца ўтаплення Генадзя Шчатко
Фота: ТРВОД

16 чэрвеня, Позірк. Аб гібелі на вадзе двух мужчын 1978 года нараджэння паведаміла Рэспубліканскае таварыства ратавання на водах (ТРВОД).

Цела аднаго з мужчын знойдзена 16 чэрвеня ў возеры Белым ля аграгарадка Азёры Гродзенскага раёна — у 20 метрах ад берага на двухметровай глыбіні. Абставіны і прычыны гібелі высвятляюцца.

Адзначаецца, што пошукавыя работы пачаліся напярэдадні, пасля таго як 14 чэрвеня ў міліцыю паступіла заява ад мясцовай жыхаркі аб знікненні мужа.

Другі мужчына патануў у возеры Вядзета Полацкага раёна (Віцебская вобласць). Паводле звестак ТРВОД, 12 чэрвеня ён “адправіўся на падводнае паляванне, аднак на бераг не вярнуўся”.

Пошукава-выратавальны атрад “Фенікс” 15 чэрвеня апублікаваў у сваім тэлеграм-канале арыенціроўку на зніклага пры падобных абставінах Генадзя Шчатко, які нарадзіўся ў 1978 годзе. Паведамлялася, што 12 чэрвеня ён “знаходзіўся каля возера Вядзета, пасля чаго перастаў выходзіць на сувязь”.

Шчатко — вядомы мінскі уролаг, загадчык аддзялення ў Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі (БХМД). Таксама вёў прыём у прыватным медцэнтры Sante (на дадзены момант старонка ўрача выдаленая).

Возера Вядзета размешчана за 45 км на паўночны ўсход ад Полацка і адносіцца да басейна ракі Вядзеціца. Плошча складае 4,61 км2, максімальная глыбіня — 12,2 м. Тут водзяцца акунь, шчупак, карась, плотка і іншыя віды (акрамя таго, возера зарыблялася вугром). Арганізаваная платная рыбалка, у светлы час сутак можна займацца падводным паляваннем.

Згодна з інфармацыяй ТРВОД, у 2025 годзе зарэгістраваныя 492 здарэнні на вадаёмах, у тым ліку 54 — з непаўналетнімі (у 2024-м — 586 і 75 адпаведна; -16% і -28%).

Ад утапленнязагінулі 278 чалавек (368; -24,5%), у тым ліку 12 непаўналетніх (22; -45,5%).

Паводле звестак ТРВОД, за 3 месяцы 2026 года ў Беларусі ад утаплення загінулі 24 чалавекі (шасцёра — на закрытых тэрыторыях).

Падзяліцца: