Мінск 12:06

У ДТЗ з жывёлай загінуў 18-гадовы пасажыр аўтамабіля

Фота: УУС Гомельскага аблвыканкама

17 чэрвеня, Позірк. Аб смяротным дарожна-транспартным здарэнні з удзелам дзікай жывёлы ў Буда-Кашалёўскім раёне паведаміла УУС Гомельскага аблвыканкама.

17 чэрвеня каля 03:30 на 22-м кіламетры дарогі Р-38 Буда-Кашалёва — Чачэрск — Краснаполле 26-гадовы кіроўца аўтамабіля “Фольксваген Пасат”, паводле папярэдняй інфармацыі, наехаў на лася, які раптам з’явіўся.

18-гадовы пасажыр загінуў на месцы здарэння, яшчэ тры (16, 17 і 19 гадоў) дастаўленыя ў бальніцу. Жывёла загінула.

“Абставіны, прычыны высвятляюцца. На месцы працуюць супрацоўнікі ДАІ, следча-аператыўная група”, — гаворыцца ў рэлізе.

Як паведамляў “Позірк“, за студзень — травень 2026 года ў дарожна-транспартных здарэннях на беларускіх дарогах загінула 2.275 дзікіх жывёл (на 7% больш, чым за адпаведны перыяд 2025-га).

Паводле слоў начальніка аддзела кантролю за аховай і выкарыстаннем аб’ектаў жывёльнага свету Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Мікалая Варанецкага, у лютым адзначаўся значны рост ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл у параўнанні з гэтым месяцам у 2025-м (+36; +57%), з красавіка фіксуецца зніжэнне такіх выпадкаў: 517 фактаў гібелі жывёл, або на 6,5% менш у параўнанні з леташнім красавіком. Травеньская статыстыка зафіксавала гібель 826 асобін (-5,4%).

На дарогах адзначаны “рост аварыйнасці з удзелам ласёў і спад — з казулямі”, адзначыў Варанецкі.

Падзяліцца: