Дзяржсакратар МЗС Славакіі абмяркоўваў з калегам з Беларусі эканамічную супрацу ў рамках санкцый ЕС

20 чэрвеня, Позірк. Магчымасць “пашырэння эканамічнага супрацоўніцтва пры выкананні дзейнага санкцыйнага рэжыму ЕС” абмяркоўваў з намеснікам кіраўніка МЗС Беларусі Ігарам Сякрэтам дзяржаўны сакратар Міністэрства замежных і еўрапейскіх спраў Славакіі (функцыянальна пасада параўнальная з пасадай намесніка міністра) Марэк Эштак.
Па выніках сустрэчы 18 чэрвеня ў Браціславе славацкі чыноўнік напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х, што размова сярод іншага тычылася двухбаковых стасункаў і будучыні стасункаў Беларусі і Еўрасаюза, а таксама вайны ва Украіне.
“Мы адкрыта і шчыра абмяняліся думкамі, што адлюстроўвае нашу агульную перакананасць у тым, што дыялог застаецца незаменным нават пры абмеркаванні самых складаных пытанняў”, — адзначыў Эштак.
Дзяржсакратар МЗС Славакіі падкрэсліў, што і ён, і Сякрэта з’яўляюцца “прафесійнымі дыпламатамі” і “выдатна разумеюць, што нават ва ўмовах разыходжання поглядаў і складанай міжнароднай абстаноўкі камунікацыя застаецца неад’емнай часткай міжнародных стасункаў”.
“Я высока цаню канструктыўны і прафесійны характар нашай сустрэчы. Славакія па-ранейшаму зацікаўленая ў стабільнасці, прадказальнасці і ўзаемавыгадных стасунках у нашым больш шырокім рэгіёне”, — напісаў Эштак.
Прэс-служба МЗС Беларусі апісвала тую сустрэчу менш канкрэтна. Адзначалася, што суразмоўцы “ў сяброўскай атмасферы” абмеркавалі “пытанні ўмацавання двухбаковай супрацы, падкрэсліўшы неабходнасць актывізацыі эканамічнага ўзаемадзеяння”, адзначылі “ўзаемныя намаганні па забеспячэнні паўнавартаснай дыпламатычнай прысутнасці ў сталіцах” дзвюх краін, а таксама “разгледзелі пытанні рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі, у тым ліку магчымыя захады па аднаўленні даверу для ўрэгулявання сітуацыі ў рэгіёне”.
28 траўня ў Мінску на “чарговым раундзе” беларуска-славацкіх палітычных кансультацый былі ўзгодненыя “канкрэтныя крокі па далейшым умацаванні палітычнага ўзаемадзеяння”, у тым ліку “працяг дыялогу на розных узроўнях і рэалізацыя сумесных праектаў”.
У іх узялі ўдзел Сякрэта і палітычны дырэктар МЗС Славакіі Марцін Качо.
Славакія раней была паслядоўным крытыкам рэжыму ў Мінску. Беларускі дэмакратычны лідэр Святлана Ціханоўская некалькі разоў наведвала гэтую краіну, сустракалася з папярэднім славацкім прэзідэнтам Зузанай Чапутавай (кадэнцыя завяршылася 15 чэрвеня 2024 года), членамі ўрада.
Аднак увосені 2023 года на парламенцкіх выбарах у Славакіі перамагла левацэнтрысцкая партыя “Напрамак — сацыяльная дэмакратыя” на чале з Робертам Фіцам, які чацвёрты раз стаў прэм’ер-міністрам краіны (раней у 2006–2010, 2012–2016 і 2016–2018 годах). За палітыкам замацаваўся імідж прарасійскага папуліста.
Пасля прыходу да ўлады Фіцы Браціслава вярнула амбасадара ў Беларусь. Славакія і Венгрыя, урад якой раней узначальваў прарасійскі прэм’ер Віктар Орбан, з’яўляюцца адзінымі краінамі Еўрасаюза, прадстаўленымі ў Беларусі на ўзроўні амбасадараў. Астатнія дзяржавы ЕС пасля падзей 2020 года абмежавалі дыпламатычную прысутнасць да ўзроўню часовых павераных.
Сёлета 3 сакавіка Аляксандр Лукашэнка прызначыў амбасадарам Беларусі ў Славакіі Ігара Фісенку.
Беларусь закрыла амбасаду ў Браціславе ўвосені 2023 года. Апошнім амбасадарам быў Ігар Ляшчэня, які падаў у адстаўку ў жніўні 2020-га. Тады дыпламат, былы памочнік Лукашэнкі, выступіў у падтрымку беларусаў, якія выйшлі на мірныя пратэсты пасля выбараў прэзідэнта.
Сёлета 4 траўня Ціханоўская сустракалася з Фіцам на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Ерэване.
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека, Грамадства
- Бяспека, Грамадства, ПалітыкаЦерашковіч: "Рускія дамы" ў Беларусі займаюцца легітымізацыяй агрэсіі супраць УкраіныМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа пяць месяцаў 2026 года пабудавана на 26,2% менш кватэр, чым за аналагічны леташні перыяд (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 17–19 чэрвеня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка



