Падлеткі ў Пінскім раёне прыбіралі мехдвор сельгаспрадпрыемства, міліцыя назвала гэта “працоўным выхаваннем”

21 чэрвеня, Позірк. Пра “пазнавальную экскурсію” з “элементамі працоўнага выхавання” выхаванцаў ваенна-патрыятычнага клуба “Прыпяцкі дазор” паведаміла 21 чэрвеня УУС Брэсцкага аблвыканкама.
Дзеці са згаданага клуба, які функцыянуе пры Пінскім РАУС, наведалі сельгаспрадпрыемства ААТ “Пачапава”, якое займаецца малочна-мясной вытворчасцю, а таксама вырошчваннем збожжавых і зернебабовых культур, вытворчасцю кармоў.
На экскурсіі, як заяўляецца, выхаванцы клуба “ў чарговы раз даказалі, што патрыятызм для іх — гэта не проста страявая падрыхтоўка і веданне гісторыі, але і канкрэтны ўнёсак у росквіт роднага краю”.
“Візіт пачаўся з агляднага знаёмства з прадпрыемствам, дзе для юных гасцей была праведзеняа падрабязная экскурсія па механічным двары ААТ “Пачапава”, — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што дзецям “прадэманстравалі ўзоры сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікі як айчыннай, так і замежнай вытворчасці, распавялі аб іх тэхнічных характарыстыках і сферах прымянення ў палявых работах”.
“Асаблівую цікавасць у рабят выклікала наведванне рамонтна-механічных майстэрняў, дзе яны змаглі на свае вочы ўбачыць працэс абслугоўвання і аднаўлення складаных агрэгатаў”, — паведамляе УУС.
Такое “пагружэнне ў вытворчую сераду”, паводле сцвярджэння міліцыі, дазваляе моладзі “лепш зразумець спецыфіку аграпрамысловага комплексу і ўсвядоміць важнасць тэхнічных прафесій для харчовай бяспекі краіны”.
“Аднак патрыятычнае выхаванне ў клубе “Прыпяцкі дазор” не абмяжоўваецца пасіўным назіраннем. У мэтах працоўнага і прафесійнага станаўлення падрастаючага пакалення, а таксама для аказання рэальнай дапамогі аграрыям, рабяты ўключыліся ў актыўную працу”, — адзначаецца ў рэлізе.
Удакладняецца, што выхаванцы клуба “дапамаглі работнікам гаспадаркі ў навядзенні парадку на ўнутранай тэрыторыі механічнага двара”.
“Гэты працоўны дэсант, — рапартуе міліцыя, — стаў выдатнай магчымасцю для падлеткаў праявіць свае лепшыя якасці, зразумець каштоўнасць калектыўнай працы і адчуць сваё дачыненне да спраў раёна”.
УУС заяўляе, што “працоўныя мерапрыемствы, сумешчаныя з прафесійнымі экскурсіямі, служаць найважнейшым інструментам сацыялізацыі і выхавання адказнасці”.
Экскурсія і ўборка мехдвара паказала падлеткам, што “любіць Радзіму — значыць клапаціцца пра яе зямлю і працаваць на яе карысць”, гаворыцца ў рэлізе.
Надыходзячым летам адпачынкам у выхаваўча-аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых лагерах у Беларусі плануецца ахапіць каля 400 тыс. дзяцей. Такі прагноз на прэс-канферэнцыі 21 траўня даў намеснік начальніка аддзела дзяржаўных закупак, ідэалагічнай і метадычнай работы рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксей Жалянкоў.
Намеснік камандзіра па ідэалагічнай рабоце 49-й радыётэхнічнай брыгады Мінабароны Беларусі падпалкоўнік Артур Бабаханян паведаміў на той жа прэс-канферэнцыі аб 10-дзённых вучэбна-палявых зборах з навучэнцамі (юнакамі), якія скончылі 10-ы клас. Паводле яго сцвярджэння, такія зборы актуальныя і патрэбныя: “У адпаведнасці з артыкулам Канстытуцыі кожны чалавек мужчынскага полу абавязаны аддаць воінскі абавязак за абарону сваёй краіны”.
Афіцэр адзначыў, што навучэнцы будуць пражываць у намётавых лагерах, з імі будуць праведзеныя навучальныя стрэльбы на вайсковых палігонах. Ён выказаў упэўненасць, што за гэтыя 10 дзён падлетак “навучыцца хоць нейкай самастойнасці: будзе запраўляць ложак, сціраць шкарпэткі і сачыць за сваёй гігіенай“.
Асобна Бабаханян спыніўся на дзейнасці ваенна-патрыятычных лагераў, якія будуць дзейнічаць пры шэрагу воінскіх часцей. На яго думку, у такіх лагерах у дзяцей не павінна быць вольнага часу: “Цябе паднялі, пакармілі, правялі заняткі, зноў пакармілі, далі крыху адпачыць. Усе гаджэты, вядома, забралі. Зноў правялі з табой заняткі, запрасілі выступіць лідара грамадскай думкі, увечары паглядзелі фільм ваеннай тэматыкі, прымусілі памыцца, паклалі спаць, а з раніцы зноў паднялі“.
Паводле слоў начальніка ўпраўлення арганізацыі працы дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва і альтэрнатыўнай службы ведамства Сяргея Кацко, колькасць працуючых непаўналетніх у Беларусі падвоілася: калі ў 2024 годзе падзарабляла каля 50 тыс. падлеткаў, то летась — ужо каля 100 тыс. За студзень — красавік 2026 года пры падтрымцы службы занятасці працаўладкавана каля 10 тыс. непаўналетніх — на 16,6% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Старэйшы пракурор па асаблівых даручэннях упраўлення Генеральнай пракуратуры Раман Сідарэнка заявіў, што “незаняты падлетак — гэта не толькі патэнцыйная ахвяра злачынства, але і рызыка ўключэння ў супрацьпраўныя дзеянні: прадастаўленае само сабе дзіця, як правіла, сыходзіць у інтэрнэт, дзе і знаходзіць “прыгоды”.
Гл. таксама:
Фабрыка лаялістаў. Як у Беларусі выхоўваюць пакаленне з “чорна-белым” мысленнем
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека, Грамадства
- Бяспека, Грамадства, ПалітыкаЦерашковіч: "Рускія дамы" ў Беларусі займаюцца легітымізацыяй агрэсіі супраць УкраіныМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства



