Мінск 12:21

За мінулы тыдзень Беларусь у бязвізавым парадку наведала 6,5 тыс. еўрапейцаў

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

22 чэрвеня, Позірк. З 15 па 22 чэрвеня ў бязвізавым парадку ў Беларусь уехала 6.529 жыхароў еўрапейскіх краін, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За апошні тыдзень у Беларусь прыбыло 2.175 грамадзян Літвы (3.822), 2.526 грамадзян і неграмадзян Латвіі (2.939), 782 грамадзяніны Польшчы (1.729), 1.046 грамадзян іншых еўрапейскіх дзяржаў са спісу пашыранага бязвізу (1.707).

З сярэдзіны вясны 2022 года Беларусь наведала 1.356.475 жыхароў Еўропы. З Літвы прыбыло 698.444, Латвіі — 433.473, Польшчы — 150.430. У рамках пашыранага бязвізу для 35 еўрапейскіх дзяржаў з сярэдзіны лета 2024 года ў Беларусь уехала 74.128 чалавек.

Для жыхароў Літвы і Латвіі бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года, Польшчы — з 1 ліпеня таго ж года, яшчэ 35 краін Еўропы — з 19 ліпеня 2024-га.

9 снежня 2025 года Аляксандр Лукашэнка падоўжыў бязвізавы ўезд для грамадзян 38 еўрапейскіх краін да 31 снежня 2026 года ўключна.

Пашыраны бязвіз тычыцца жыхароў Андоры, Аўстрыі, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Люксембурга, Ліхтэнштэйна, Мальты, Манака, Нарвегіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Паўночнай Македоніі, Румыніі, Сан-Марына, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі.

Большасць гэтых краін рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Падзяліцца: