Мінск 19:23

Коўл аб вызваленні палітвязняў у Беларусі: Іх будзе больш!

Фота: неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі

21 чэрвеня, Позірк. Чарговы запіс аб вызваленні палітвязняў зрабіў у сацсетцы Х спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл.

Ён адрэагаваў на публікацыю дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай у сувязі з гадавінай выхаду на волю яе мужа — блогера Сяргея Ціханоўскага.

“Іх будзе больш!” — напісаў Коўл.

15 чэрвеня спецпасланнік заявіў, што неўзабаве можа чарговым разам прыбыць у Мінск.

Карыстальніца Lisa, у профілі якой пазначана, што яна жонка палітвязня, спытала ў Коўла: “Калі мы можам чакаць вас у Мінску?” На гэта ён лаканічна адказаў: “Хутка”.

10 чэрвеня Коўл абверг інфармацыю пра тое, што працэс вызвалення беларускіх палітвязняў пад эгідай Вашынгтона прыпынены. Гэтыя звесткі распаўсюдзіла агенцтва Reuters са спасылкай дэмакратычнага лідара Святлану Ціханоўскую.

Паводле прыведзеных слоў палітыка, амерыканскі бок паведаміў ёй, што “наступныя вызваленні адкладзеныя на некаторы час”. Было заяўлена, што прычына Ціханоўскай вядомая, аднак тая не можа яе раскрыць.

Дарадца дэмлідара па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі ў сувязі з гэтым заявіў, што адбылася “няслушная інтэрпрэтацыя” і “пэўнае непаразуменне ў інтэрпрэтацыі” выказванняў Ціханоўскай. Паводле яго слоў, гаворка ішла не пра “агульны трэк” вызвалення палітзняволеных, а пра чарговы магчымы візіт Коўла ў Беларусь з гэтай мэтай.

Чакалася, што ён наведае Мінск у траўні, аднак гэтага не адбылося.

Па выніках сваёй апошняй сустрэчы з амерыканскай дэлегацыяй 19 сакавіка ў Мінску Аляксандр Лукашэнка памілаваў 250 вязняў, з якіх 235 было дазволена застацца на радзіме, а 15 вывезена ў Літву (трое пасля накіраваліся ў Польшчу). У адказ адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа паабяцала зняць у Беларусі частку санкцый (з “Белінвестбанка”, Банка развіцця, Міністэрства фінансаў, “Беларуськалія”, Беларускай калійнай кампаніі).

Агулам з удзелам Белага дома на волю выйшла больш за 400 чалавек.

На 21 чэрвеня беларуская праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі 843 чалавекі.

Падзяліцца: