Мінск 13:03

Круты заклікаў “не раздзімаць сенсацыю” вакол візіту Лукашэнкі ў Азію

Архіўнае фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

28 чэрвеня, Позірк. Візіты Аляксандра Лукашэнкі ў краіны Азіі “рыхтаваліся шмат месяцаў, некаторыя — з канца мінулага года”. Пра гэта ў эфіры news.by заявіў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты.

“Нашым лідарам было прынята ўжо даўно рашэнне наведаць шэраг краін Паўднёва-Усходняй Азіі, з якімі ў нас намеціліся вельмі добрыя праекты насамрэч. На дзясяткі мільёнаў долараў. І гэта праекты прэзідэнцкага ўзроўню і тэмы прэзідэнцкага ўзроўню”, — сказаў Круты.

Паводле яго слоў, “не трэба раздзімаць сенсацыю там, дзе яе няма”.

“Ідзе абсалютна звычайная, планамерная, вельмі скрупулёзная праца. Ужо некалькі дзён наш прэзідэнт вывучае адпаведныя матэрыялы, уносіць карэкціроўкі, і ідзе інтэнсіўная напружаная праца, каб падрыхтаваць гэтыя візіты самым лепшым чынам”, — заявіў чыноўнік, не ўдакладніўшы, хто і ў сувязі з чым раздзімае згаданую сенсацыю.

Пра тое, што Лукашэнка адправіўся “вялікім комплексным візітам у рэгіён Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі”, яго прэс-служба паведаміла 28 чэрвеня.

Як было заяўлена, візіцёр “наведае шэраг дзяржаў для перамоў на вышэйшым узроўні”.

“Абмяркуюць маштабныя і перспектыўныя для краіны праекты ў розных сферах. Кожнаму з візітаў папярэднічала вялікая падрыхтоўчая праца”, — адзначыла прэс-служба палітыка.

Паведамлялася, што ён мае намер наведаць “тры краіны”, якія менавіта — не ўдакладняецца.

Пры гэтым у інтэрв’ю тэлеканалу “Аль-Арабія” ў сярэдзіне чэрвеня Лукашэнка заяўляў пра намер наведаць Інданэзію.

Перад вылетам у Азію Лукашэнка два дні правёў у Расіі. Яго перамовы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным прайшлі ў рэзідэнцыі апошняга на Валдаі (Наўгародская вобласць). Падрабязнай інфармацыя пра змест перамоваў не публікавалася. З заявамі палітыкі не выступілі, пратакольныя фота таксама не былі апублікаваныя.

23 чэрвеня Лукашэнка анансаваў “працяглую камандзіроўку”, не ўдакладніўшы, куды менавіта збіраецца.

Гэтая заява прагучала незадоўга да заканчэння тэрміну выканання патрабаванняў, якія высунуў рэжыму ў Мінску прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. 19 чэрвеня ён даў Лукашэнку тыдзень на зняцце з вышак рэтранслятараў для навядзення дронаў уздоўж мяжы з Украінай: “Калі ён гэта не зробіць, зробім мы”. Палітык таксама заклікаў спыніць пастаўку нафтапрадуктаў расійскай арміі.

24 чэрвеня Зяленскі паведаміў, што абсталяванне спыніла працу двума днямі раней: “Дэмантавалі [рэтранслятары] ці не, я, шчыра кажучы, пакуль не ведаю. Але мы працуем над гэтым, і я вельмі ўважліва сачу і штодзённыя даклады атрымліваю. Факт, што рэтранслятары на сёння не працуюць”.

Падзяліцца: