Мінск 19:28

Міліцыя не дала правесці ў Мінскай вобласці выставу дрыфт-аўтамабіляў — удзельнікі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці

Відэа: МУС Стоп-кадр: “Позірк”

28 чэрвеня, Позірк. Пра “спыненне незаконнага аўтафестывалю” паведаміла 28 чэрвеня Міністэрства ўнутраных спраў.

Ведамства заяўляе, што ва Уздзенскі РАУС (Мінская вобласць) “паступілі шматлікія паведамленні грамадзян аб цяжкасці дарожнага руху на аўтадарозе Р-23 паблізу вёскі Трысцінец”.

“Нарад, які прыбыў на месца, выявіў вялікую колькасць транспарту ўздоўж трасы, а таксама масавую колькасць людзей на пляцоўках у лесапаласе паблізу”, — гаворыцца ў паведамленні.

Супрацоўнікі міліцыі “паведамілі прысутным аб неабходнасці пакінуць месца несанкцыянаванага збору”, прадстаўнікі Дзяржаўтаінспекцыі “прынялі меры па стабілізацыі дарожнага руху”, адзначае МУС.

“Устаноўлена, што мэтай мерапрыемства з’яўлялася выстава дрыфт-аўтамабіляў. Яго правядзенне ва ўстаноўленым парадку з кампетэнтнымі органамі не ўзгаднялася, удзельнікаў запрашалі праз сацсеткі”, — паведамляе ведамства.

Паводле яго даных, на месцы знаходзілася каля 600 чалавек і больш за 250 транспартных сродкаў. “Адміністрацыйныя матэрыялы ў дачыненні да арганізатараў і актыўных удзельнікаў накіраваныя ў суд”, — заявілі ў МУС.

Міністэрства нагадала, што ў Беларусі “за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць”, а за “арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх — крымінальная”.

Адметна, што МУС прыгразіла ўдзельнікам “аўтафестывалю” адказнасцю паводле артыкулаў, якія ўлады з 2020 года актыўна выкарыстоўваюць для палітычнага пераследу грамадзян. У першым выпадку гаворка пра арт. 24.23 КаАП і пакаранне, як правіла, у выглядзе арышту да 15 сутак, у другім — пра арт. 342 КК, які прымяняецца да ўдзельнікаў мірных пратэстаў, якіх прысуджаюць да розных тэрмінаў абмежавання і пазбаўлення волі.

Дрыфт-аўтамабіль — аўтамабіль, спецыяльна падрыхтаваны для праходжання паваротаў у кіраваным заносе на высокай хуткасці. Адрозніваецца ад звычайных аўто тэхнічнымі наладамі і канструкцыяй. Спаборніцтвы па дрыфт-ваджэнню праводзяцца як на аматарскім, так і на прафесійным узроўні.

Падзяліцца: