Мінск 20:52

Праз навальніцу парушана электразабеспячэнне ў 30 населеных пунктах Гомельскай вобласці

29 чэрвеня, Позірк. Аб працы па ліквідацыі наступстваў непагадзі ў паўднёва-ўсходніх рэгіёнах Беларусі паведамляе тэлеграм-канал Гомельскага аблвыканкама.

Са спасылкай на даныя “Гомельэнерга” паведамляецца, што электразабеспячэнне парушана ў 30 населеных пунктах. Больш за ўсё праз навальнічную актыўнасць пацярпелі Гомельскі, Жлобінскі і Лоеўскі раёны.

“Прычынамі адключэнняў сталі абрывы правадоў ліній электраперадачы, выкліканыя падзеннем дрэў, а таксама пашкоджанне апор і іншых элементаў ЛЭП. Брыгады аператыўна прыступілі да аднаўленчых работ”, — гаворыцца ў паведамленні.

Звяртаецца ўвага на неабходнасць “строгага захавання правілаў тэхнікі бяспекі паблізу электратэхнічных установак і ліній электраперадачы”. “Забараняецца падыходзіць да абарваных правадоў ЛЭП бліжэй васьмі метраў”, — падкрэсліваецца ў рэлізе.

Аблвыканкам таксама паведаміў, што паводле інфармацыі Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС, у выніку непагадзі ратавальнікі прыцягваліся на распілоўку і ўборку паваленых дрэў у Гомельскім, Брагінскім і Рэчыцкім раёнах.

Акрамя таго, у Буда-Кашалёўскім раёне супрацоўнікі ведамства працавалі па паведамленні аб абрушэнні цялятніка ў вёсцы Губічы. Удакладняецца, што сумесна з работнікамі гаспадаркі зробленая праца па разборцы завалаў будаўнічых канструкцый. Усе жывёлы жывыя, ветэрынарная служба праводзіць абследаванне.

Паводле звестак Белгідрамета, 29 чэрвеня з 13 да 18 гадзін на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаліся навальніцы, пры навальніцах месцамі моцныя ліўні, град і шквалістае ўзмацненне ветру парывамі 15–20 м/с, у асобных раёнах 21–24 м/с. Паведамляецца, што неспрыяльныя гідраметэаралагічныя з’явы захаваюцца да 22 гадзін.

Падзяліцца: