Мінск 21:19

Навальніца пашкодзіла дзевяць аўтамабіляў у Бабруйску, у Буда-Кашалёўскім раёне абрынуты цялятнік

Відэа: МНС Стоп-кадр: “Позірк”

29 чэрвеня, Позірк. Аб ліквідацыі наступстваў непагадзі ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

У выніку праходжання навальнічнага фронту на тэрыторыі Бабруйскага раёна (Магілёўская вобласць) пашкоджаны дахі двух аб’ектаў, дзевяць аўтамабіляў.

У Буда-Кашалёўскім раёне (Гомельская вобласць) “ратавальнікі працавалі па паведамленні аб абрушэнні цялятніка ў вёсцы Губічы”. Як паведамлялася раней, работнікамі МНС сумесна з супрацоўнікамі гаспадаркі “зробленыя работы па разборцы завалаў будаўнічых канструкцый”. З-пад завалаў вынята 33 цяля.

“Пацярпелых няма”, — адзначае МНС.

Таксама паведамляецца, што “ратавальнікі праводзілі распілоўку і ўборку паваленых дрэў” у трох раёнах Гомельскай вобласці — Брагінскім, Рэчыцкім і Гомельскім.

Усяго падраздзяленні МНС ажыццявілі 29 выездаў на ўборку 55 паваленых дрэў, гаворыцца ў паведамленні.

Паводле звестак Белгідрамета, 29 чэрвеня з 13 да 18 гадзін на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаліся навальніцы, пры навальніцах месцамі моцныя ліўні, град і шквалістае ўзмацненне ветру парывамі 15–20 м/с, у асобных раёнах 21–24 м/с. Паведамляецца, што неспрыяльныя гідраметэаралагічныя з’явы захаваюцца да 22 гадзін.

Падзяліцца: